У Вільні на “Прадмове” прэзентуюць кнігу карэйска-нямецкага філосафа

У выдавецтве “Логвінаў” выйшла першая кніга карэйска-нямецкага філосафа Бён-Чхоль Хана (р. 1959) “Дух надзеi: супраць грамадства страху” ў перакладзе на беларускую Аляксандры Логвінавай. Жывая прэзентацыя кнігі пройдзе на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 18 кастрычніка ў Вільні.

У кнізе “Дух надзеi: супраць грамадства страху” Бён-Чхоль Хана, разважаючы ў рэчышчы сацыяльнай крытыкі, аналізуе, чаму страх з’яўляецца “ўсюдыісным” эмацыйным рэжымам сучасных неаліберальных грамадстваў. Аўтар падкрэслівае несумяшчальнасць страху і свабоды і звяртаецца да феномену надзеі як унікальнага настрою, які супрацьстаіць страху. Кніга прапануе грунтоўнае інтраспектыўнае даследаванне, якое намацвае прысутнасць надзеі ў жыцці чалавека. Для беларускіх чытачоў яна можа быць асабліва цікавай тым, што ў рэшце рэшт магчымасць надзеі звязваецца са з’яўленнем пэўнай супольнасці, бо менавіта для супольнага чалавечага жыцця надзея расчыняе далягляд будучыні. Кніга напісана ў форме эсэ і ў стылістыцы, даступнай для шырокай адукаванай аўдыторыі, гаворыцца ў анатацыі.

Адметнасць беларускага выдання — пасляслоўе філосафкі Таццяны Шчытцовай “Мы як суб’ект надзеі: ад Захаду да Усходу”, якая разглядае інтэлектуальныя вытокі філасофіі Хана і прапускае кнігу праз беларускі досвед, калі галоўная крыніца нашага страху — не толькі неаліберальны лад жыцця, але і рэпрэсіі, вайна і вымушаная эміграцыя. Такім чынам, у беларускую моўную прастору не толькі ўваходзіць важны твор сучаснай філасофіі, але і паўстае прастора для ўласнай рэфлексіі пра надзею, супольнасць і будучыню.

Першая жывая прэзентацыі перакладу кнігі Бён-Чхоль Хана “Дух надзеі” адбудзецца ў межах фестваля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які з 16 па 18 кастрычніка будзе праходзіць у Вільні (поўную праграму глядзіце па спасылцы).

Дзе: Tautinių bendrijų namai (Дом нацыянальных супольнасцей), Raugyklos g. 25.
Калі:18 кастрычніка (нядзеля)
12:45—13:45 

У размове пра надзею і будучыню паўдзельнічаюць: беларускі праваслаўны святар і грамадскі дзеяч Аляксандр Кухта, псіхолаг і кагнітыўна-паводніцкая тэрапеўтка Кацярына Карповіч і перакладчыца кнігі Аляксандра Логвінава.