Паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч у чарговым выпуску на сваім YouTube-канале ізноў звяртаецца да творчасці беларускага класіка Якуба Коласа. Гэтым разам пад пільнае вока Хадановіча трапляе паэма “Сымон-музыка”.
У анонсе Андрэй Хадановіч абазначае асноўныя моманты, пра якія будзе ісці гаворка ў відэа-лекцыі:
- чаму ў помніка Сымону-музыку ў пальцах няма смыка;
- Што сталася з другой з трох рэдакцый паэмы;
- гісторыя стварэння твора і прычым тут Валадарка і эпас “Калевала”;
- чаму паэму можна лічыць духоўнай аўтабіяграфіяй Коласа;
- як у паэта ў разлуцы з радзімай сфармаваўся сістэмны беларускі патрыятызм;
- што ў творы Коласа пацярпела ад цэнзарскіх нажніц;
- як да 100-годдзя першага выдання паэмы паўставала кніга “Сымон-музыка. Без цэнзуры“;
- два фіналы твора: якая версія стала найбольш актуальнай з цягам часу;
- коласаўскія персанажы ў сучаснай беларускай культуры: ад Рыжкова да Башлыкевіча.
Сярод іншага падчас маналогу Андрэй Хадановіч дзеліцца такімі развагамі:
“Што пацярпела ад цэнзарскіх нажніц найперш? Пацярпела сфера рэлігійная. 65 мясцінаў, дзе згадваецца Бог, анёлы і іншыя рэлігійныя матэрыі, бязлітасна пайшлі пад нож. Другі напрамак цэнзурных правак звязаны з прысутнасцю ў ранняй версіі “Сымона-музыкі“ агрэсіўнай Расіі, якая нясе пагрозу, Расіі, якая разам з Польшчай падзяліла Беларусь напалам. Так, што сам Колас застаўся ў Менску, а ягоная маці – у Стоўбцах, з іншага боку мяжы. Калі ў трэцяй частцы паэмы Колас стварае свой галоўны лірычны водступ, які ператвараецца ў гімн Беларусі, беларусам, дзе ёсць усё: замілаванасць родным краем і яго прыродай, надзея на тое, што ўдасца зрабіцца не аб’ектам, а суб’ектам гісторыі, найбольш балючыя месцы, безумоўна, звязаныя з агрэсіяй суседзяў, і гэтаму не было шанцаў прайсці цэнзуру”.
“Сымон-музыка – гэта сам Колас, а ягоная любая Ганна сімвалізуе маладую Беларусь, якая адраджаецца на світанку магчымага свабоднага жыцця. Галоўны антыгерой паэмы – Дамянік, які змагаецца за сэрца Ганны, а потым спрабуе яе згвалціць. Ганна цудам выратоўваецца, але адбываецца псіхалагічны надлом, і дзяўчына вар’яцее. Крытык Антон Адамовіч, прыслухоўваючыся да гучання імені “Дамянік“, чуе ў ім іншае слова – “Бальшавік“. Калі расшыфроўваць алегорыю такім чынам, гвалт адбываецца з боку савецкай улады, а Беларусь пасля надзеяў часу БНР 1918 года перажывае балючае расчараванне ў гэтых надзеях”.