У пятніцу віленскі кніжны клюб пры “Чытальні” ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры (Vilniaus g. 20) абмяркуе з Сяргеем Календам яго новую кнігу “Стрыжэ і піша”.
Лёгкія і цікавыя тэксты ў зборніку даюць унікальную магчымасць убачыць рэчаіснасць вачыма пісьменніка, які адначасова ёсць экспертам цырульніцкай справы: “Ужо шмат гадоў я пішу кнігу пра цырульніцкае жыццё, а дакладней — запісваю цікавыя гісторыі, якія адбыліся са мной і маімі кліентамі. Шчыра кажучы, калі я пачынаў толькі разумець пра тое, якая гэта дзіўная і цікавая прафесія, звязаная не толькі з прыгажосцю, але і са стасункамі і псіхалогіяй паводзін, я і не думаў, якіх аб’емаў можа дасягнуць кніга. І гэта мы з рэдактарам палову выкрэслілі, хе-хе. Многія ведаюць мяне не толькі як стыліста, але і як пісьменніка, ува мне жывуць дзве любімыя прафесіі. І як пісьменнік я ў разгубленасці: ці працягваць?”
Чалавечыя гісторыі, якія Сяргей Календа чуе і бачыць ад самых розных кліентаў, безумоўна, адгукнуцца чытачам і чытачкам — кожнаму і кожнай нечым сваім: “…За апошні час ад сваіх кліентаў даведаўся столькі ўсяго пра вірус і выбары, што гэта заслугоўвае асобнага тома. Са мной дзяліліся думкамі дактары і медсёстры з бальнічных франтоў, мытнікі і пілоты распавядалі пра падзеі жніўня, калі самалётамі вывозілі з краіны грузы, псіхатэрапеўты — пра невясёлыя прагнозы, бо свет зламаны вірусам і “хатнім арыштам”, а беларусы паламаныя яшчэ і палітычна, і адчуваецца, што гэта так бясследна не пройдзе”.
Калі: Пятніца, 30 жніўня
🕘 18:00
Дзе: 📍 Vilniaus g. 20