Кніга Анэты Прымакі-Онішк пра балючую гісторыю Падляшша — па-беларуску

Фонд “Камунікат” выпускае з друку пераклад важнай кнігі для захавання памяці беларусаў Беласточчыны аўтарства Анэты Прымакі-Онішк — “Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша”. З польскай мовы на беларускую кнігу пераклала Наталля Русецкая.

Досвед нацыянальных меншасцяў часта выключаецца з афіцыйнай гісторыі. У паўночна-усходняй Польшчы таксама мала гаварылася пра тое, што давялося перажыць беларуска-праваслаўнай супольнасці: бежанства, пасляваенныя перасяленні і злачынствы. Анэта Прымака-Онішк парушае гэтае маўчанне. Яна ездзіць па падляскіх вёсках, размаўляе з жыхарамі Беластока, Бельска Падляскага, Гайнаўкі, Сямятычаў і Саколкі, чытае архіўныя дакументы і супастаўляе здабытыя веды з міфамі пра польска-беларускія адносіны. Усё дзеля таго, каб зразумець, што адбылося восемдзесят гадоў таму, і якое значэнне надаецца гэтым падзеям сёння.

“Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша” гэта кніга-сведчанне важная не толькі для беларусаў Падляшша, але і для беларусаў з метраполіі.

“Настолькі памяць беларусаў Беласточчыны, менавіта — наша памяць, была забытая, што нават самі беларусы не заўважалі сваёй крыўды і сваёй трагедыі. Зрэшты, чаму тут здзіўляцца? Нават у нас на Беласточчыне пра «Бурага» і яго ахвяр гаварылі толькі «на кухні» і прыглушаным голасам”, — расказвае выдавец беларускага пераклада кнігі Яраслаў Іванюк, які нарадзіўся ў Бельску-Падляскім.

Анэта Прымака-Онішк паказвае, што трагічныя падзеі пасля вайны адбываліся не толькі на поўдні, але і на поўначы Беласточчыны. Аўтарка, як і ў выпадку сваёй першай кнігі пра бежанства, адштурхоўваецца ад сямейнай гісторыі — яе дзед таксама загінуў ад рук польскага падполля як нібыта «камуніст».

Кнігу Анэты Прымака-Онішк “Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша” ўжо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop. Адпраўка — пасля 20 ліпеня.

Камяні павінны былі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша” (у арыгінале "Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia") цёпла прынялі ў Польшчы як чытачы, так і літаратурная, гістарычная і журналісцкая супольнасць. Кніга атрымала Гістарычную прэмію “Polityki” імя Марыяна Турскага ў катэгорыі найлепшая навукова-папулярная праца. Падляская рэпартажыстка намінаваная таксама на Літаратурную прэмію Цэнтральнай Еўропы “Angelus”, кніга трапіла і ў спіс намінантаў на Літаратурную прэмію “Nike” 2024 году, а таксама атрымала прэстыжную польскую прэмію Grand Press (выбар Чытачоў) як найлепшы літаратурны рэпартаж году.