Перакладчыца Алена Пятровіч напісала кнігу пра Віцебск

Выдавецтва “Мяне няма” анансавала выхад кнігі аўтафікшн-прозы ад перакладчыцы і паэткі Алены Пятровіч “Сіні дом”. Цяпер адкрыты папярэдні заказ, які вызначыць колькасць асобнікаў папяровага накладу навінкі.

Гэта кніга пра родны горад аўтаркі — Віцебск — такі, якім яна яго памятае і ў які (пакуль) не можа вярнуцца. Новы ўрбаністычна-лірычны тон у палітры аўтафікшну выдавецтва “Мяне няма”.

“У маім рэйтынгу найлепшых вынаходніцтваў чалавецтва горад займае другое месца пасля водаправоду. Мне не хапае ведаў ды імпэту пісаць пра водазабеспячэнне, таму я пішу пра горад, які ўяўляю сабе крыху лепей. Але пра ваду тут таксама будзе, бо вада нараджае горад.

Гэтая кніга не прэтэндуе ні на гістарычнае даследаванне, ні на турыстычны гайд. Тэксты, сабраныя ў ёй, — маё жыццё, мае дзевяностыя і мой гімн суб’ектыўнасці. Тут будзе толькі пра важнае для мяне як для адной з тысяч жыхарак і жыхароў Віцебска”, — гаворыць аўтарка ў апісанні кнігі.

“Віцебск мне здаваўся вельмі недаацэненым і як локус, і як герой кнігі, — столькі ўсяго можна пра яго напісаць, а мне траплялася надта мала”, — кажа Алена Пятровіч пра тое, чаму напісала гэты тэкст.

“Сіні дом” — гэта добрая магчымасць занурыцца ў Віцебск like a local. Або ў настальгію з элементамі краязнаўства.

Замовіць кнігу можна праз сайт выдавецтва: Mnnm.store. Гэта папярэдні заказ — друкаваны наклад папярэдне чакаецца ў лютым 2026 году.

Фота аўтаркі: Violetta Savchits