Ад Шагала да Арцёмавай — чатыры кніжныя навінкі

Выдавецтва “Мяне Няма” падзялілася найбліжэйшымі планамі. Чытачоў чакаюць кнігі Юлі Арцёмавай, Уладзіміра Казлова, Марка Шагала і Алёны Глухавай.

“…Ужо вычытаны карэктаркай і чакае вёрсткі раман Уладзіміра Казлова «Паўднёвы Захад». Выдатны тэкст. Гэта працяг рамана «Варшава», які мы перавыдалі два гады таму. Менск канца 90-х гадоў”, — анансуе навінку пісьменнік Павел Анціпаў, які ўваходзіць у выдавецкую каманду “Мяне Няма”.

Таксама да выдання на паперы рыхтуецца першы том новай кнігі Юлі Арцёмавай, а сама аўтарка паралельна дапісвае другі том.

Сёлета выдавецтва выдасць пераклад на беларускую мову аўтафікшну Марка Шагала. Сяргей Шупа знайшоў на самых далёкіх паліцах бібліятэк машынапіс самога Шагала на ідышы, гэта самая першая і, мы мяркуем, аўтэнтычная версія ягоных мемуараў, рукапіс якіх быў страчаны. Уласна тое, што мы пераклалі, гэта найбліжэйшы да першаснага рукапісу тэкст”.

У сваю чаргу перакладчыца і пісьменніца Алена Пятровіч пераклала з французскай мовы на беларускую раман Алёны Глухавой “Nos corps lumineux”, цяпер над тэкстам працуе рэдактар. Алёна Глухава пісьменніца з Менску, якая написала раман па-французску, а выдавецтва цяпер хоча даць магчымасць прачытаць яго айчыннаму чытачу.

Як пісаў раней Bellit.info, цяпер ідзе перадзамова на кнігу культурнай аналітыкі ад Максіма Жбанкова “ШокингКульт. Книга перемен”. Навінку можна купіць праз сайт выдавецтва Mnnm.store. Гэта папярэдні заказ, кніга на паперы чакаецца ў чэрвені 2026 году.