Кніжная мапа беларусаў Вільні

У лістападзе ў Вільні ў чарговы раз адзначылі скарынаўскія дні — больш за 500 гадоў таму Францыск Скарына выдаў тут першую друкаваную кнігу Вялікага княства Літоўскага. З гэтай нагоды мы ўзгадваем пра вуліцы, на якіх размяшчаліся вядомыя віленскія друкарні, а таксама пра месцы, звязаныя з кнігамі і кнігадрукаваннем.

Шкляная (Stiklių g.)

Каля 1520 году сусветнавядомы беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына пераехаў у Вільню з Прагі, і сюды ж перавёз сваю пражскую друкарню. Асветнік-гуманіст адзначыўся пяршынствам і ў Вільні — яго друкарня стала першай ва Усходняй Еўропе. Размяшчалася друкарня ў доме бурмістра Якуба Бабіча, тут працавалі і беларускія мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары.

Мяркуецца, што дом Якуба Бабіча стаяў на скрыжаванні вуліц Вялікай (літ. — Didžioji gatvė) і Шкляной (літ. — Stiklių g.). Сам Скарына жыў разам з жонкай Маргарытай, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, у ейным доме на Рынку, на Нямецкай вуліцы (літ. — Vokiečių g.).

Каля 1522 году быў надрукаваны “Апостал” (каля 1522 г.), у 1525 г. — “Малая Падарожная Кніжыца”. Але так атрымалася, што на гэтым друкарская дзейнасць Скарыны ў Вільні спынілася. Магчыма, справа была ў грашовых цяжбах, у якіх на той момант удзельнічаў перашдрукар, магчыма — у навалах, з якімі сутыкнуўся горад. У 1530 годзе ў Вільні адбыўся страшэнны пажар, а ў 1533 — паморак, які забраў жыцці вялікай колькасці гараджан.

Мяркуецца, што падчас пажару згарэў і дом Якуба Бабіча, а таксама дом жонкі Скарыны.

Мемарыяльная дошка ў гонар Францыска Скарыны

У гонар Францыска Скарыны на доме па вул. Вялікай, 19 (літ. — Didžioji g.) усталявана мемарыяльная дошка. Тут жа, у дворыку, знаходзіцца скульптура летапісца, якая таксама прысвечана першадрукару. Стварыў помнік скульптар Вацлавас Круцініс у 1973 годзе.

Скульптура летапісца

Патрапіць у дворык можна праз арку з вуліцы Шкляной, 4 (літ. — Stiklių g.).

Будынак на Didžioji g. 19

На доме па гэтай адрэсе, як пісалася вышэй, размешчана мемарыяльная дошка ў гонар першадрукара Францыска Скарыны. Будынак выбраны нездарма мяркуецца, што тут у XVI – пачатку XVІІ ст. размяшчалася друкарня братоў Кузьмы і Лукаша Мамонічаў.

Друкарня братоў Мамонічаў адпачатку з’яўлялася камерцыйным прадпрыемствам, але мела і асветніцкія мэты  памнажаць колькасць царкоўных праваслаўных кніг, падымаць узровень асветы мяшчанства. Агулам, да 1600 года з друкарні выйшла каля 40 выданняў, у тым ліку трэ­ці Ста­тут Вя­лі­ка­га Княст­ва Лі­тоў­ска­га 1588 года. Звод законаў, напісаны тагачаснай беларускай мовай, і па сённяшні дзень з’яўляецца выдатным помнікам прававой культуры ўсходне-еўрапейскага рэгіёна.

Сваю працу ў першапачатковым выглядзе прадпрыемства спыніла ў 1622 годзе.  За час свайго існавання тыпаграфія стала асноўнай у Вільні і атрымала статус каралеўскай.

Друкарня Марціна Кухты, вул. Універсітэцкая (Universiteto g.)

Друкарня Марціна Кухты, бадай, адна з найвядомейшых друкарняў пачатку XX ст. у Вільні. І не дзіўна менавіта Кухта выдаў “Вянок” Максіма Багдановіча, і яму аўтар прысвяціў памятныя радкі пра белы дом ля сіняй бухты, і кнігу “з друкарні пана Марціна Кухты”. Друкарня была заснавана ў 1906 годзе, і сам Марцін Кухта актыўна ўдзельнічаў у стварэнні як беларускіх, так і літоўскіх кніг. Тут выдаваліся “Наша Ніва” і  “Наша Доля”, творы Я. Коласа, Ф. Багушэвіча, Цёткі (А. Пашкевіч),  М. Гарэцкага, “Кароткая гісторыя Беларусі” В. Ластоўскага і інш. Таксама ў друкарні да Першай сусветнай вайны выйшла звыш 300 літоўскіх кніг і брашур, тут жа друкаваліся літоўскія перыядычныя выданні. За сваю дзейнасць, і на беларускай, і на літоўскай ніве, Кухта неаднаразова пераследваўся ўладамі. У 1911 годзе друкарня  Марціна Кухты пераехала на вуліцу Татарскую, 20 (літ. Totorių g.), дзе цяпер знаходзіцца мемарыяльная дошка ў гонар друкара.

вул. Універсітэцкая, 4, дзе пэўны час месцілася друкарня Марціна Кухты

Побач, на ву­л. Да­мі­ні­кан­скай, 11 (літ. — Dominikonų g.) у першай палове XX ст. знаходзілася Літоўскай кнігарня Марыі Пясяцкайце–Шлапялене, у якой, акрамя літоўскіх выданняў, можна было набыць бе­ла­рус­кі­я кні­гі і газеты.

Людвісарская, 1 (Liejyklos g.)

Друкарня імя Францішка Скарыны, яшчэ адно месца, знакавае для беларускага кнігадрукавання пачатку XX ст. Спачатку выдавецтва знаходзілася ў доме беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, па адрэсе Людвісарская, 1, пасля пераехалі на вул. Завальную, 6 (літ. —  Pylimo g.). Палітыку друкарні вызначалі хрысціянскія дэмакраты, тут было выдадзена каля сотні беларускіх кніг, а таксама перыядычныя выданні — “Хрысціянская Думка”, “Беларуская крыніца”, “Калоссе”.

Людвісарская, 1

Віленская, 21 (Vilniaus g.), рэдакцыя газеты “Наша Доля”

Першая беларуская газета “Наша Доля” выходзіла толькі год, з 1906 па 1907, але стала значнай падзеяў у тагачасным беларускім сацыяльна-палітычным жыцці. Газета дэкларавала абарону справы вясковых людзей, барацьбу з іх цямрэчай і бяспраўем. Стваральнікамі газеты былі сябры Беларускай Сацыялістычнай грамады, а выдаўцом і радактарам — Іван Тукеркес. У гэтай газеце дэбютаваў Якуб Колас з творам “Наш родны край”. Усяго выйшла толькі 6 нумароў выдання, пасля газета была забароненая.

Віленская, 21

Рэдакцыя газеты “Наша Ніва”, Завальная, 5 (Pylimo g.) 

Першай віленскай адрэсай рэдакцыі “Нашай Нівы”, заснаванай ў 1906 годзе, стала вул. Басанавічуса, 17 (J. Basanavičiaus g.), выданне пасля мяняла рэдакцыі, але найбольш плённыя гады — з 1911 па 1913 — прайшлі ў доме па адрэсе Завальная, 5 (літ. —  Pylimo g.). Па гэтай жа адрэсе знаходзілася кватэра Ластоўскіх, у якой Вацлаў Ластоўскі захоўваў збор калекцыі беларускіх старажытнасцяў. Па рэдакцыйных справах, а таксама ў госці да вядомых дзеячоў, завітвалі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Цётка, Зоська Верас і інш. “Нашаніўцы” таксама падтрымлівалі сувязі з літоўскімі інтэлектуаламі і культурніцкімі дзеячамі: Мікалюсам Чурлёнісам, Марыяй Ластаўскене, Габрыелюсам Ландсбергісам-Жамкальнісам і інш., шмат хто з іх таксама бываў у гэтым будыку. Па гэтай жа адрэсе  месцілася і кніжная крама Беларускага выдавецкага таварыства, у якой працаваў беларускі грамадска-культурны дзеяч, паэт і выдавец Станіслаў Станкевіч.

У гэтым будынку месцілася рэдакцыя “Нашай Нівы” ў 1911—1913 гг.

Каштанавая, 5 (Kaštonų g. 5)

Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні распачало сваю дзейнасць у 1913 годзе недалёка ад Лукішскай плошчы, па адрэсе вул. Каштанавая, 5 (літ. —  Kaštonų g. 5). Старшынём яго стаў вядомы беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук Вацлаў Іваноўскі. Вынікам працы таварыства стала выданне дзясятка беларускіх кніг і календароў, а таксама — адкрыццё ўласна беларускай кнігарні на вул. Завальнай.

Таварыства супрацоўнічала з друкарняй Марціна Кухты, выдавала кнігі такіх аўтараў як Ядвігін Ш,  К. Буйло, В. Гаршын і інш. У 1913—1914 гадах сакратаром выдавецтва працаваў Янка Купала, значную фінасавую падтрымку таварыству аказвала княгіня Магдалена Радзівіл.

вул. Каштанавая, 5

Таксама ў 1913 годзе па адрэсе вул. Малая Стэфанская, 23 (цяпер — Raugyklos g. 23), прадстаўнік віленскага габрэйства Барыс Клёцкін адчыніў прыватнае выдавецтва. Агулам прадпыемства спецыялізавалася на габрэйскай літаратуры, аднак Антон Луцкевіч дамовіўся пра супрацоўніцтва, і тут пачалі выдавацца беларускія кнігі. Сярод аўтараў выдавецтва Максім Багдановіч, Наталля Арсеннева, Максім Гарэцкі і інш. Тут жа ў 1920 годзе выйшла першая кніга габрэйскага беларуска-літоўскага ідышамоўнага пісьменніка Мойшэ Кульбака “Песні” («Širim»).

Выдавецкая суполка “Наша хата”, пр-т Гедыміна (Gedimino pr.)

Беларуская выдавецкая суполка была заснавана ў 1908 годзе ў Вільні, сярод яе стваральнікаў былі Барыс Даніловіч, Анатоль Бонч-Асмалоўскі, Язэп Манькоўскі. Галоўнай мэтай суполкі быў выпуск выданняў пра Беларусь на беларускай і іншых мовах, навукова-папулярныя кніг. Сярод выданняў — ананімная беларуская паэма “Тарас на Парнасе”, падручнік “Другое чытаньне для дзетак беларусаў” Якуба Коласа і інш. Суполка спыніла дзейнасць у 1911 годзе.

Побач, па адрэсе Георгіеўскі праспект, 12, цяпер праспект Гедыміна (літ. —  Gedimino pr.) размяшчалася Бібліятэка Барыса Даніловіча “Веды”, заснаваная ў 1904 годзе. Тут, у бібліятэцы, пэўны час працаваў Янка Купала.

пр. Гедыміна (фота trip.lt)

Пералічаныя друкарні і выдавецкія ініцыятывы — толькі частка мясцінаў, звязаных з кнігавыданнем у Вільні. Гісторыя асветы і адукацыі, сацыяльна-палітычных зменаў у старажытным шматкультурным горадзе неразрыўна звязана са стварэннем кніг. “Кніжная” мапа Вільні — багатая і насычаная, і сам горад адкрывае свае мясціны для вывучэння ўсім ахвочым.

Пры напісанні артыкула выкарыстана кніга Лявона Луцкевіча “Падарожжа па Вільні” і матэрыялы Вікіпедыі.