Каманда праекта “Беларуская літаратура”, які займаецца аўдыякінгамі, апублікавала новую аўдыяверсію паэмы “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына. Паслухаць можна на сайце Audiobooks.by або непасрэдна на на YouTube-канале праекта.
Сатырычна-гумарыстычная паэма Канстанціна Вераніцына была напісаная прыкладна ў 1855 годзе і ўпершыню апублікаваная ў газеце “Минскій листокъ” 16 траўня 1889 года. Паэма-пародыя апавядае пра тое, як адзін просты дзядзька-беларус трапляе на грэцкую гару Парнас, дзе п’юць, гуляюць і весяляцца розныя багі і знакамітасці. Усё там, на тым Парнасе, добра так паблытана, тут вам і Марс з Геркулесам, і Пушкін з Гогалем, і бойка, і танцы, і смачная ежа (галодным лепей не слухаць).
Не так даўно Bellit.info разам з Кніжным Хомам разбіраўся, як наогул так сталася, што новая беларуская літаратура пачалася менавіта з пародыі, гумару ды сатыры.