Выйшла кніга ўкраінскай паэткі Ірыны Шувалавай у перакладзе Хадановіча

У выдавецтве hochroth Minsk выйшла кніга паэзіі ўкраінскай аўтаркі Ірыны Шувалавай “Рэчы, за якія можна трымацца”. Вершы на беларускую мову пераклаў Андрэй Хадановіч.

Ілюстрацыю да кніжкі зрабіла кіеўская мастачка Ave Libertatemaveamor.

“Сябры і калегі, сяброўкі і каляжанкі, віншую з Сусьветным днём перакладчыкаў і перакладчыц! Штогод дзялюся ў гэты дзень перакладамі, а сёньня радуюся яшчэ й таму, што выйшла новая кніга. Прыўкраснай украінскай паэткі Ірыны Шувалавай, якую перакладаю з сакавіка 22-га. І вось ёсьць зборнік — “Рэчы, за якія можна трымацца”. Пра вайну, пра памяць, пра каханьне, пра бяздомнасьць, пра дом… Рады, што сама Ірына гэтую кніжку ўхваліла. Шчыра ўдзячны Дзіму Строцаву, які яе выдаў!” — падзяліўся навіной паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у сацсетках.

вясёлкі

вясёлкі вясёлкі вясёлкі
трымайце трымайце трымайце трымайце мяне

глядзіце як я распадаюся –
вось мой смех вось мой удых
вось мой імпульс вось мой пульс
а вось ужо і маё нічога
танцуе сонечным зайчыкам
у люстэрку выпадковага аўтамабіля

з высокага акна
вецер выхоплівае штору
і надзімае яе як ветразь і цягне ўпарта
супраць сінечы супраць сонца
і я сціскаю кулакі я таксама кажу ёй
ляці ляці

госпадзе колькі святла змяшчаецца
у гэтым свеце колькі цемры
колькі горкай свабоды і салодкай цішыні і
аглушальнай радасці і разгорнутага на ўсё неба
гора колькі

нясём на сябе
бязмежнасці
як высокія прыгожыя жанчыны
носяць смеючыся
на галовах
чырвоныя гарлачы
з чыстай
халоднай вадой

Ірына Шувалава

Набыць кнігу Ірыны Шувалавай “Рэчы, за якія можна трымацца” неўзабаве можна будзе праз сайт выдавецтва hochroth Minsk, а таксама на кніжных мерапрыемствах у розных гарадах Еўропы.

Ірына Шувалава — украінская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў 1986 годзе. Вучылася Нацыянальным універсітэце імя Т. Шаўчэнкі і ў аспірантуры Кембрыджскага каледжа. Дэбютная кніга паэткі выйшла ў 2011 годзе. Аўтарка кніг: “Ран”, “Аз”, “Ос”.