У выдавецтве Bukinist:ka Press выйшаў калектыўны гумарыстычны зборнік “Хіханькі-хаханькі”, тэксты якога былі напісаныя ў межах пісьменніцкай лабараторыі, арганізаванай архівам “Расцяжэнне”. У кнізе дакументальныя эсэ суседнічаюць з аўта-фікшн замалёўкамі, магічнымі аповедамі і сучаснымі казкамі.
23 свежыя тэксты пра жыццё тут і зараз. Пад адной вокладкай — новыя галасы, ужо знаёмыя імёны і знакамітыя аўтар:кі.



“Калі плакаць, то толькі ад жартаў! «Хіханькі-хаханькі» — гэта зборнік смешных фемінісцкіх тэкстаў. <…> Вандроўкі, каханне, праца, міграцыя, сямейныя адносіны, мацярынства, сэкс — прычын пасмяяцца процьма. <…> Чулліва працуючы з асабістым і калектыўным досведам, аўтар:кі паказваюць, дзе можна знайсці асалоду ў жыцці. Разам гэтыя не падобныя адзін да аднаго тэксты ствараюць мазаіку сённяшняга дня”, — гаворыцца ў апісанні зборніка.

Кніга выйшла ў дзвюх версіях — на паперы і ў электронным фармаце. Друкаваная кніга распаўсюджваецца за данат ад 10 еўра. Усе грошы за продаж накіроўваюцца на аплату крызісных псіхалагічных кансультацый для людзей у Беларусі.
Найбліжэйшым часам плануюцца прэзентацыі зборніка “Хіханькі-хаханькі” ў Лодзі, Беластоку, Батумі і Стакгольме.






