Каляндарны даведнік ад гісторыка Хільмановіча

Журналіст і гісторык Уладзімір Хільмановіч дапрацаваў, пашырыў і перавыдаў “Беларускі каляндарны энцыклапедычны даведнік на кожны дзень”, які ўпершыню пабачыў свет у 2008 годзе, дзякуючы Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Фактычна на кожны дзень году прыпадае адна старонка кнігі з важнымі і цікавымі датамі, апошнія з якіх датычаць 2024 году.

Радыё “Рацыя” паразмаўляла з аўтарам пра кнігу.

РР: …Ёсць даты, калі хтосьці нарадзіўся, хтосьці памёр, або штосьці здарылася. Напрыклад, “2-га студзеня ў Чыкага памёр Уладзімір Тарасэвіч – рэлігійны, грамадскі дзеяч беларускага замежжа”.

Уладзімір Хільмановіч: Мне было важна прывязаць людзей да мясцінаў, таму я максімальна поўна стараўся падаваць у гэтым даведніку месцы нараджэння, месцы смерці і нават месцы пахавання. Не ўсіх людзей ўдалося адшукаць. Я карыстаўся шматлікімі энцыклапедыямі, шматлікімі інтэрнэтнымі матэрыяламі цягам гэтых гадоў. Кароткія самыя звесткі, але менавіта прывязка да канкрэтнай мясцовасці. Для мяне было вельмі важна ўвесці ў агульнабеларускі кантэкст нашых эмігрантаў, якія жылі і тварылі ў замежжы. А таксама ўвесці ў кантэкст беларусаў Падляшша – асобаў і падзеі пэўныя, якія тут адбываліся, у агульнабеларускі кантэкст. Для мяне асабіста гэта было вельмі важна, каб гэты даведнік меў агульнабеларускі характар. Не тое, што ён замыкаўся на межах Рэспублікі Беларусь тэрытарыяльна, а шырэй, пачынаючы ад Полацкай зямлі праз ВКЛ, праз Рэч Паспалітую і праз нейкія падзеі і асобы беларускай эміграцыі і таксама тых людзей, якія на этнічных беларускіх землях пражывалі і тварылі на беларускай мове,  у беларускай культуры. Пагэтаму ён такі агульнабеларускі.

РР: І не толькі даты смерці, але і даты нараджэння: “2 студзеня 1932 года. У вёсцы Відава каля Бельска-Падляшскага нарадзіўся Васіль Белаказовіч – беларускі навуковец, літаратуразнавец, славіст. 2 студзеня 1981 года ў Менску заснаванае выдавецтва для дзяцей “Юнацтва”.

Уладзімір Хільмановіч: Так, я стараўся падаваць даты нараджэння, даты смерці выдатных людзей, якія зрабілі свой унёсак у беларускую культуру, і падзеі. Падзеі не толькі пазітыўныя, але і трагічныя, падзеі з войнаў розных часоў. Думаю, што гэты даведнік будзе прыдатны шырокаму колу: тым, хто працуе ў бібліятэках, і журналістам, і краязнаўцам. І ён паслужыць можа быць такім штуршком для таго, каб ушаноўваць тых людзей, якія не ўшанаваныя. А неўшанаваных вельмі шмат, вялікая колькасць беларускіх дзеячаў. На жаль, гэты даведнік пакуль не мае шанцаў патрапіць у беларускія бібліятэкі, але прынамсі, тут, за мяжой, дзеячы беларускай культуры, журналісты, людзі, якія цікавяцца нашай гісторыяй і культурай, яны змогуць скарыстацца гэтым даведнікам.

Кніжка выдадзена дзякуючы падтрымцы “Стыпендыі Адраджэння” і штотыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

Фота ад Радыё “Рацыя”