Выдавецтва “Янушкевіч” адкрывае збор сродкаў на выданне чатырох сусветных бэстсэлера: Дж. К. Роўлінг “Гары Потэр і Ордэн Фенікса” і “Каляднае парася”, Дж. Р. Р. Толкін “Хобіт”, А. Сапкоўскі “Вядзьмар. Вежа ластаўкі”.
Выдавецтва дамовілася з праваўладальнікамі і заключыла кантракты, цяпер цягам трох тыдняў неабходна аплаціць ліцэнзіі. Але абаротных сродкаў выдавецтва ў моманце не хапае на такія амбітныя праекты.
“Таму мы звяртаемся да вас, шаноўныя чытачы, па народную падтрымку. Нам трэба прыкладна 15 тысяч еўра на ўсе выдаткі, звязаныя з выкупам правоў на гэтыя чатыры выдатныя творы. Далейшыя выдаткі на друк мы збіраемся закрыць з дапамогай папярэдняга заказу. На кошт ліцэнзій уплывае аб’ём твораў, вялічыня запланаванага накладу і, зразумела, іхны высокі статус сусветных бэстсэлераў. Паспяховы збор сродкаў створыць для нас “падушку бяспекі”, якая дазволіць без лішніх рызыкаў упэўнена крочыць далей. Калі мы збяром больш за заяўленую суму, грошы пойдуць на новыя праекты, якім таксама патрэбна фінансаванне”, — гэткі допіс з’явіўся ў сацсетках выдавецтва.
Да збору могуць далучыцца жыхары Польшчы праз платформу Zrzutka.pl (у пол. злотых). Збор у іншых валютах для жыхароў іншых краін: 4fund.com. А таксама можна данаціць праз платформу Patreon.com.
Абедзве кнігі Дж. К. Роўлінг выйдуць у перакладзе Алены Пятровіч, “Хобіт” Толкіна — у перакладзе Ігара Кулікова. Гэтыя выданні маюць пабачыць свет у 2026 годзе. А “Вядзьмар” у перакладзе Кацярыны Маціеўскай — у 2027 годзе.






