“Гопнікаў” Уладзіміра Казлова выдаюць па-беларуску

Выдавецтва “Логвінаў” анансавала выхад перакладу рамана Уладзіміра Казлова “Гопнікі” на беларускую мову. Перадзамовіць кнігу можна праз сайт выдавецтва. А 20 чэрвеня ў Варшаве пройдзе творчая сустрэча з аўтарам.

“Ласкава запрашаем у неласкавыя ўскраіны Магілёва сярэдзіны 80-х! — гаворыцца ў анатацыі да новага выдання. — Нармальныя пацаны і нефармалы, свой раён і чужы, хаза і хабза, дыскач і апорка, Гарбачоў і Рэйган, будзённае жыццё і раптоўная смерць… Тут набор пірожных «Несталічны» ад першага пакалення беларускіх гопнікаў. Уладзімір Казлоў, унікаючы любасці/нянавісці, хутчэй адстаронена, выяўляе сваё юнацтва, пакідае будучаму пакаленню амаль што антрапалагічны атракцыён у форме раманеты.

Выдаўцы папярэджваюць, што гэтую кнігу не варта чытаць людзям, чулым да ненарматыўных выразаў і апісання брутальных сцэн.

20 чэрвеня ў Варшаве ў прасторы @bukinistka_pl (ul. Wieniawskiego, 5j) адбудзецца творчая сустрэча з аўтарам Уладзімірам Казловым.