Чытачы абіраюць вокладку перакладу трылера Лі Чайлда

Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад аднаго з раманаў амерыканскага аўтара дэтэктываў Лі Чайлда з серыі пра Джэка Рычэра, а менавіта — трылера “Цёмная справа” (The Affair). Проста цяпер у сацсетках выдавецтва кожны можа прагаласаваць за тое, з якой вокладкай выйдзе беларускі пераклад.

“Гэтыя творы [дэтэктывы серыі] так папулярныя сярод аматараў жанру менавiта дзякуючы галоўнаму герою, адстаўному маёру вайсковай палiцыi Джэку Рычэру. Рычэр стаўся сучасным увасабленнем класiчнага героя вэстэрна — вандроўнiка з абвостраным пачуццем справядлiвасцi, якi змагаецца са злом, — тлумачаць выдаўцы феномен дэтэктываў Лі Чайлда. — Пры тым Рычэр не падобны да большасцi сённяшнiх герояў трылераў: у яго няма змрочнага мiнулага, якое не дае яму спакою, ён не пакутуе ад нiякiх залежнасцяў (калi не лiчыць сталай патрэбы ў добрай каве), не ўпадае ў мрочную рэфлексiю, не вылучаецца псiхiчнымi асаблiвасцямi, але мае спраўны маральны компас i класiчныя ўяўленнi пра дабро i зло. Аскет i вандроўнiк, ён падарожнiчае аўтаспынам па амерыканскай правiнцыi, i калi бачыць, што добры чалавек стаецца ахвярай злачынства, проста не можа прайсцi міма”.

Лi Чайлд стварыў уласны стыль сучаснага трылера — лаканiчны, часам брутальны, пры гэтым вобразны i дасцiпны. Менавiта пачуццё гумару i нетыповы светапогляд героя, а, галоўнае, пэўнасць таго, што напрыканцы аповеду дабро пераможа зло, робiць гэтыя гiсторыi так папулярнымi ва ўсiм свеце.

“Цёмная справа” — гэта не першы з амаль 30 раманаў Лi Чайлда. Ён з’явiўся ў 2011 годзе, калi Рычэр быў ужо неймаверна папулярным. Але храналагiчна гэта прыквел самай першай кнiгi i ў пэўным сэнсе пачатак гiсторыi вандроўнiка, якога любяць мiльёны чытачоў па ўсiм свеце.

Пераклад на беларускую мову зрабiў Дзянiс Пугач, рэдактаркай выступіла Марына Казлоўская. Кніга неўзабаве пойдзе ў друк.