Літаральна надоечы пачала працу беларуская краўдфандынгавая пляцоўка Gronka. Адным з першых праектаў, які збірае з яе дапамогай грошы, стала выданне новай кнігі журналіста і пісьменніка Аляксандра Чарнухі “Гвалт”.
“У мяне для вас ёсць навіна. Ад сёння пачала працаваць беларуская краўдфандынгавая платформа Gronka, і цяпер там можна падтрымаць мой праект — зборнік апавяданняў «Гвалт». Буду вельмі ўдзячны, калі возьмеце ўдзел у гэтай кампаніі ці зробіце рэпост гэтага паведамлення. Лоты сабраў самыя розныя — спадзяюся, што знойдзеце нешта цікавае для сябе”, — піша ў фэйсбуку Аляксандр Чарнуха.
З апісання праекту вынікае, што кніга “Гвалт” даследуе прыроду дыктатуры і дэфармацыю асобы пад яе ўплывам. Кожнае з дзесяці апавяданняў аналізуе сучасны кантэкст, але не ставіць дыягназы, а фармулюе пытанне і тым самым заклікае чытача да якаснай рэфлексіі.
Кніга будзе складацца з дзесяці апавяданняў, кожнае з іх будзе аздобленае аўтарскімі ілюстрацыямі Таісіі Чарнухі (яна малявала вокладкі для абедзвюх версій першай кнігі аўтара — рамана “Свінні”). Як запэўнівае Аляксандр Чарнуха, гэтая кніга — мікс гіперрэалізму і беларускай містыкі, яна мае шмат знаёмых вобразаў і экзістэнцыяльных пытанняў.
На старонцы краўдкампаніі распісаны сціслы бюджэт, які неабходны для з’яўлення кнігі на паліцах у чытачоў. Мяркуецца выдаць яе ў папяровым (1000 асобнікаў) і электронным выглядзе для распаўсюду ў Беларусі і за яе межамі у выдавецтве “Янушкевіч”.
А таксама распісаны лоты для спонсараў праекту “Гвалт”: ад 10 да 150 еўра.