Беларускія выдаўцы сталі лаўрэатамі міжнароднай прэміі

Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) назвала лаўрэатаў штогадовай прэміі Prix Voltaire. Сёлета імі сталі беларускія выдаўцы Дзмітрый Строцаў (hochroth Minsk) і Надзея Кандрусевіч (Koska), паведамляе Беларускі ПЭН са спасылкай на Internationalpublishers.org.

Імёны лаўрэатаў былі названыя 2 чэрвеня на Сусветным форуме свабоды слова (World Expression Forum) у нарвежскім Лілехамеры. Выдаўцоў узнагародзілі за адвагу і вернасць справе выдання кніг, нягледзячы на цэнзуру, пераслед і вымушаную эміграцыю.

Prix Voltaire — гэта не толькі міжнароднае прызнанне, але і важны знак салідарнасці з усёй беларускай супольнасцю незалежных выдаўцоў, якія працягваюць будаваць свабодную беларускую культуру ў выгнанні, нягледзячы на ўсе выпрабаванні.

Надзея Кандрусевіч, выдавецтва Koska, Беларусь (у выгнанні ў Польшчы):

“Дзякую за вялікі гонар — атрымаць прэмію “Prix Voltaire”. Гэтае прызнанне пацвярджае не толькі важнасць выдання і перакладу дзіцячых кніг, але і веру ў ціхую сілу слова: фармаваць мысленне, адкрываць сэрцы, будаваць масты паміж мовамі, культурамі ды пакаленнямі. Веру ў тое, што нават самым маленькім чытачам патрэбныя гісторыі, якія гавораць праўду, развіваюць уяўленне і робяцца люстэркам — ці акном — у свет. Гэтая прэмія належыць усім перакладчыкам, выдаўцам і аўтарам, якія працягваюць працаваць, нягледзячы ні на што. Усім дзецям, што чытаюць або слухаюць гісторыі перад сном, і ўсім бацькам, што вераць у сілу добрай кнігі”.

Дзмітрый Строцаў, выдавецтва hochroth Minsk, Беларусь (у выгнанні ў Германіі):

“У сакавіку 2022 года я выехаў на Захад з адной маленькай валізкай. Я ўцякаў ад палітычнага пераследу, але і рыхтаваўся да новай місіі — скарыстаць трыццаць гадоў выдавецкага досведу, каб стварыць свабоднае беларускае выдавецтва ў выгнанні. Сёння каля трыццаці беларускіх выдавецтваў аднавілася ці ўзнікла ў выгнанні — і мы ўсе цесна звязаныя паміж сабой. Мы маем выдавецкую супольнасць. Я хачу падзякаваць Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў за прэмію “Prix Voltaire”. Гэта важная падтрымка для беларускай дэмакратычнай супраціўнай супольнасці — і адкрытае запрашэнне для беларускіх незалежных выдаўцоў далучацца да сусветнай выдавецкай сям’і”.

Загалоўнае фота: крыніца