Беларускі і польскі філосафы Павел Баркоўскі і Анджэй Гняздоўскі (Andrzej Gniazdowski) напісалі сумесную працу, якая прысвечана асэнсаванню цяперашняга беларускага шляху і падзеяў польскай “Салідарнасці” з фенаменалагічнага пункту гледжання. Выданне выйшла ў выдавецтве Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай Акадэміі навук.
У кнізе “Абуджэнне Беларусі”, якая выйшла на дзвюх мовах (беларускай і польскай), аўтары намагаюцца прэзентаваць інтэрнацыянальны і міждысцыплінарны падыход да асэнсавання самога феномена рэвалюцыйных зменаў і магчымасці яго ўжывання ва ўсходнееўрапейскім кантэксце.

У кнізе таксама разглядаюцца тэмы крызісу ідэі дэмакратыі ў свеце і надзеі на адраджэнне яе падставовых сэнсаў, ажыццяўляецца аналіз пытання “еўрапейскага выбару” і параўнальны агляд польскай і беларускай дзяржаўнай і нацыянальнай ідэі ў сучаснай і будучай перспектыве развіцця стасункаў паміж народамі і дзяржавамі.
Таксама істотнай часткай кнігі з’яўляецца публікацыя тэксту двух дыскусій паміж прадстаўнікамі польскага руху “Салідарнасці” і беларускімі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі.
Прэзентацыя кніжкі адбудзецца 15 мая ў 14:00 у зале 268 палаца Сташыца (Інстытут філасофіі і сацыялогіі ПАН) — Nowy świat, 72
Сумесную працу двух філосафаў можна набыць праз сайт Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай АН.
На загалоўнай выяве фотаздымкі Караліны Сямён-Бельскай і “Белсата”