Сёлета спаўняецца 40 гадоў з дня смерці Сімоны дэ Бавуар — філасафіні, якая змяніла ўяўленьне пра ролю жанчыны ў свеце. І толькі цяпер яе ключавыя тэксты пачынаюць выходзіць па-беларуску — разам з кнігай, што спрабуе асэнсаваць яе ўплыў у беларускім кантэксце, піша Уладзіслаў Гарбацкі на “Новым часе”.

9 красавіка — сорак гадоў таму памерла слынная мыслярка і пісьменніца, якая моцна паўплывала на жаночую эмансіпацыю і дапамагла паверыць у свае сілы сотням тысячаў францужанак ды іншых жанчын у свеце — Сімона дэ Бавуар.
Яе творы забараняў Ватыкан, СССР, Іран; ейныя выступы на радыё цэнзураваў і забараняў на дзесяцігоддзі арцыбіскуп манрэальскі; ейныя эсэ перакладаліся крыва і з купюрамі. Нарэшце, у год саракагоддзя смерці яе творчасць адкрываецца беларускім чытачкам і чытачам.
Неўзабаве ў выдавецтве “Скарына” выходзяць адразу дзве кнігі, звязаныя з Сімонай дэ Бавуар. Першая — пераклад яе аповесці пра смерць маці “Вельмі лагодная сьмерць”. Другая — зборнік эсэ і артыкулаў пра саму пісьменніцу — “Сымона дэ Бавуар і Беларусь”. Гэты зборнік ёсць своеасаблівым уступам у яе творчасць, а таксама спробай асэнсавання фемінісцкай і палітычнай думкі мысляркі.

Варта адзначыць, што нават пасля смерці філасафіня застаецца на стрыжні часу. Так, у пачатку красавіка ейнае знакамітае эсэ “Другі пол” нарэшце выйшла ў самай прэстыжнай французскай сэрыі “Бібліятэка Плеяды”. Таксама 2 красавіка свет пабачыў зборнік фемінісцкіх тэкстаў пісьменніцы пад назвай “Як толькі жанчыны расплюшчылі вочы: фемінісцкія тэксты і выступы (1947–1985)”, у які ўвайшлі рэдкія тэксты, неапублікаваныя дасюль інтэрв’ю, а таксама іншыя важныя публікацыі аўтаркі, што раней выходзілі на іншых мовах. Да выдання кнігі спрычыніліся Эстэр Дэмолен і прыёмная дачка Сімоны дэ Бавуар — Сільві Лё Бон дэ Бавуар.
Важна і тое, што “Бібліятэка Плеяды” ўключыла ў сваю залатую калекцыю эсэ з няпростай гісторыяй. І не менш істотна, што, няхай і з спазненнем у сорак гадоў, да беларускага чытацтва нарэшце пачынае даходзіць творчасць французскай мысляркі ў перакладзе на беларускую мову.
Загалоўнае фота: Francois LOCHON / Contributor / Getty Images






