Беларускае выдавецтва Vesna, якое месціцца ў Празе, анансавала выхад навінкі — раману “Зэлмэняне” Мойшэ Кульбака. Пераклад твору з ідыш на беларускую мову зрабіў Сяргей Шупа.
Упершыню па-беларуску гэты раман выходзіў у 1960 годзе пад назвай “Зельманцы” ў перакладзе Віталя Вольскага, потым перавыдаваўся ў 2015 годзе выдавецтвам “Папуры”. Савецкае выданне з меркаванняў цэнзуры было скарочаным. Новы перклад — першы поўны пераклад на беларускую мову.
Раман Мойшэ Кльбака “Зэлмэняне” апавядае пра традыцыйную габрэйскую менскую сям’ю і іхны двор у 1920-я гады, якія сутыкнуліся з рэвалюцыяй. Старэйшае пакаленне не прымае зменаў і не можа падладзіцца пад новае жыццё, а моладзь з пэўнай наіўнасцю і верай у светлую будучыну далучаецца да будаўнікоў сацыялізму.
“З аднаго боку, Рэбзэдвор — гэта выдуманы двор. У выдуманым Менску. Недзе ў раёне Старажоўкі. А можа, і не. “Хаткі, платы, хляўкі”, што вырасьлі за семдзесят гадоў вакол пастаўленай тут некалі ў 1864 рэбэ Залманам камяніцы. А можа, і ня там, і не тады, і ўсё было ня так… Менск у рамане згадваецца толькі пару разоў — але, чытаючы, сумневаў ня маеш: усё гэта адбываецца тут. Дзе “Сьвіслач ледзь дыхае, зь яе дна патыхае дохлымі катамі. Вада зацягнутая тонкай плеўкай, якая пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. З другога боку на пясчаных пагорках, стаяць хаты, абкружаныя малымі садочкамі… “ Пазнавальна? Вельмі. Менск, якога даўно няма — але які сьніцца. Ня хоча быць местам бяз памяці, без уласнай легенды, бяз казкі, без свайго забітага і забытага Аўтара”, — піша пра раман у Альгерд Бахарэвіч, які стаў першым чытачом анансаванай навінкі.
Раман складаецца з дзвюх кніг. Першая выйшла з друку ў 1931 годзе, другая — у 1935. Як адзначае Альгер Бахарэвіч, “першую ў савецкім Менску пісаў яшчэ адносна свабодны чалавек, другую — ужо “савецкі” пісьменьнік, які паспрабаваў прыстасавацца да новых правілаў гульні і ўлічць патрабаваньні бальшавіцкіх крытыкаў. Але нічога ў яго ня выйшла. Кульбак катастрафічна ня ўмее рашуча асуджаць і прыстосоўвацца, ня ўмее ісьці ў нагу з часам і рабіць “сацрэалізм”. Таму ў другой частцы раману аўтар застаецца тым самым Кульбакам.
Сяргей Шупа і выдавецтва Vesna пачалі пераадкрываць для беларускіх чытачоў творчасць Мойшэ Кульбака. Раней выходзілі кнігі “Панядзелак” і “Мэсія з роду Эфраіма” (сумесна з выдавецтвам “Янушкевіч”)
У 2022 годзе Vesna выдала дзве кнігі вершаў Кульбака: першая — поўны збор паэзіі ў арыгінале на мове ідыш, другая — транслітарацыя лацінскімі літарамі з паралельнымі перакладамі на беларускую мову і каментарамі.