Паэзія Янкі Купалы ўпершыню выйшла кнігай па-в’етнамску

У Ханоі адбылася прэзентацыя зборніка вершаў “Там, дзе песня жыцця” (‘Nơi bài ca cuộc đời’)  Янкі Купалы. Гэта першы пераклад на в’етнамскую мову твораў беларускага паэта, піша Рэформ.

Кніга апублікавана выдавецтвам “Згода народа” (NXB Dân Trí) у супрацоўніцтве з выдавецтвам “Эканоміка — Фінансы” (NXB Kinh tế — Tài chính) і Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

На прэзентацыі 2 лістапада пасол Беларусі ў В’етнаме Уладзімір Баравікоў адзначыў сусветную вядомасць Купалы. Фан Нгок Чынь, дырэктар выдавецтва “Эканоміка — Фінансы”, падкрэсліў, што творы паэта, якія адлюстроўваюць “прыгажосць беларускай душы”, блізкія па духу в’етнамскаму чытачу.

Асаблівае месца занялі словы аднаго з перакладчыкаў зборніка Нгуена Ван Чыена. Ён адзначыў, што Купала піша пра жыццё сялян, не баючыся гаварыць пра прыгнёт, і таму “ён — голас Беларусі, голас пакут і надзеі“. Перакладчыка ўразіла і вобразнасць паэта, якая дазваляе чытачу “апынуцца ў беларускім лесе“.

Спадар Чыен таксама адзначыў: “Янка Купала — не толькі паэт, але і сімвал беларускай культуры. Яго творы аказалі глыбокі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры і мастацтва“.

У межах мерапрыемства Уладзімір Баравікоў перадаў 30 асобнікаў кнігі Нацыянальнай бібліятэцы В’етнама.