Алексіевіч і “Пфляўмбаўм” на кніжным кірмашы ў Вільні

Жаночае выдавецтва “Пфляўмбаўм” анансавала свой удзел у штогадовым Віленскім кніжным кірмашы, які сёлета пройдзе з 27 лютага па 2 сакавіка. Таксама ў межах кірмаша пройдзе дыскусія з удзелам нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.

У дыскусіі з тэмай “Ці можа мастацтва быць дыпламатычным мостам?” крамя Святланы Алексіевіч возьмуць удзел паэтка, эсэістка, літкрытык Гедрэ Казлаўскайце і фатограф, кіраўнік Таварыства літоўскага фотамастацтва Антанас Суткус.

Мадэраваць размову, якая пройдзе на літоўскай і расейскай мовах з сінхронным перакладам, будзе журналістка Яланта Крыжэвічэне.

Дыскусія мае адбыцца 1 сакавіка ў 14:00 (канферэнц-зала, 5.1, LITEXPO)

Таксама на кірмашы наведнікі змогуць не толькі сустрэцца з набелісткай, але і купіць кнігі Святланы Алексіевіч ў перакладзе на літоўскую мову, хаця большасць накладаў ужо разышлася.