Самы вядомы раман Брэдберы выходзіць па-беларуску

Выдавецтва “Янушкевіч” абвесціла папярэдні заказ на кнігу Рэя Брэдберы “451 градус паводле Фарэнгейта” ў перакладзе на беларускую мову. Перастварыла культавы твор Наста Карнацкая, адрэдагавала Кацярына Маціеўская. За дызайн вокладкі адказвала Таццяна Шустава.

451° паводле Фарэнгейта — тэмпература, пры якой загараецца папера. І назва аднаго з самых вядомых раманаў Рэя Брэдберы, дзеянне якога разгортваецца ў змрочнай антыўтапічнай будучыні.

Гай Монтэг — пажарнік. Яго праца — знішчаць самы забаронены тавар: друкаваныя кнігі, а разам з імі і дамы, у якіх іх хаваюць. Монтэг ніколі не задумваецца пра разбурэнне і спусташэнне, якія нясе яго праца. Штодня ён вяртаецца да свайго аднастайнага жыцця і жонкі Мілдрэд, якая цэлымі днямі бавіць час са сваёй тэлевізійнай «сям’ёй». Але ўсё мяняецца, калі Монтэг знаёміцца з эксцэнтрычнай маладой суседкай Кларысай. Яна адкрывае яму мінулае, калі людзі не жылі ў страху, і паказвае сучаснасць, у якой на свет можна глядзець праз ідэі, схаваныя ў кнігах, а не праз бессэнсоўную балбатню з тэлевізара. І тады Монтэг пачынае сумнявацца ва ўсім, што дагэтуль лічыў непахіснай праўдай”.

Пачатак продажаў чакаецца 30-га верасня. Цяпер можна замовіць кнігу на сайце выдавецтва.