Віж Мар’ян (сапр. Зайцаў Мар’ян Міхайлавіч, 23.2.1949, Мінск — 31.4.1999, Мінск). Празаік, публіцыст, гісторык. Сябра СБП ад 1994 г.
Закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Пасля вайсковай службы (1971—1973) працаваў адказным сакратаром Беларускага таварыства аховы помнікаў. З 1974 г. загадчык аддзела аховы помнікаў Гістарычнага музея Украіны. З 1976 г. рэдактар у рэдакцыі гісторыі Беларусі БелСЭ. Выкладаў гісторыю Беларусі ў Мінскім інстытуце культуры., грамадскія дысцыпліны ў ПТВ № 107, быў лектарам Мінскага абласнога бюро прапаганды ведаў аб помніках гісторыі і культуры, супрацоўнікам аддзела тэхнічных сродкаў навучання ў Мінскім медыцынскім інстытуце. У 1981—1985 гг. суіскальнік аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР. У 1982 г. напісаў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Сялянскі рух у Беларусі напярэдадні і падчас першай рэвалюцыйнай сітуацыі (1857—1862)”, якую аднак не абараніў. У 1993—1995 гг. загадчык аддзела ў газеце “Наша слова”. У 1995—1996 гг. выкладаў курс беларусазнаўства ў Інстытуце сучасных ведаў. Напрыканцы жыцця працаваў спецыялістам па сувязях з друкам і тэлебачаннем Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства глухіх. Сябра СБП ад 1994 г.
Пахаваны ў Мінску.
Першая публікацыя выйшла ў 1974 г. у газеце “Знамя юности”. Пісаў на беларускай і рускай мовах вершы, апавяданні, нарысы. Сааўтар аповесці “Лабірынт” (Мінск, 1991), зборніка гісторыка-публіцыстычных нарысаў “Чары даўніны” (Мінск, 1989).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 440).