Вячорка Вінцук (Валянцін) Рыгоравіч (нар. 7.7.1961, Брэст). Мовазнаўца, перакладчык, палітык. Сябра СБП.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983), аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук (1986). Выкладаў беларускую мову ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (цяпер БДПУ, 1990–1994). У 1990–1999 гг. выкладчык гісторыі і культуры беларускай мовы ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Ад 1981 г. вёў курсы беларускае мовы для моладзі і для ўсіх узростаў (“Моўныя сустрэчы”, пазней “Мова ціКава” і “Мова Нанова”), для педагогаў дашкольных устаноў, для пісьменнікаў згуртаваньня “Тутэйшыя”, для журналістаў і г. д. У 1990-я гг. намеснік старшыні Нацыянальнай тэрміналагічнай камісіі. Кансультант і рэдактар тэрміналагічных слоўнікаў з матэматыкі, фізікі, хіміі, харэаграфіі ды інш. Сузаснавальнік Беларускай Майстроўні (1980), згуртавання “Талака” (1985), Канфедэрацыі беларускіх суполак (1988), Беларускага Народнага Фронту (1988), Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (1989), Цэнтру Супольнасць (1995), Таварыства беларускай школы (1983 і 1996), Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі (1997) і інш. З 1990 г. працаваў у навукова-папулярным і культурна-асветным часопісе “Спадчына“, з 1997 г. намеснік галоўнага рэдактара. На Радыё Свабода ў пачатку 1990-х гг. вёў праграму аб беларускай мове, у 1997—1999 г. быў суаўтарам культурна-асветнага цыклю “Неабжытая спадчына”. З 2014 г. публікуе эсэ пра беларускую мову. Узнагароджаны прэмія “За сумленнае слова” часопіса “Архэ” (2000), узнагародай “Democracy Courage Tribute” Сусветнага руху за дэмакратыю (2004), прэміяй “За абарону прынцыпаў дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека” чэшскага Інстытута даследавання таталітарных рэжымаў (2018), медалём “Да 100-годзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі” Рады БНР (2018), званнем “Чэмпіён грамадзянскай супольнасці” ў намінацыі “Медыяактыўнасць году“ Асамблеі няўрадавых арганізацый (2018).
Публікаваўся ў перыёдыцы з 1977 г. (рэцэнзіі, нарысы пра дзеячоў культуры, пра беларускую мову ў “Чырвонай змене”, “Ровеснику”, “Знамени юности”, “Бярозцы”, “Нёмане”, “Свабодзе“ і інш. Выдаваў пазацэнзурныя літаратурныя і палітычныя часопісы “Люстра Дзён” (1980–1981, з С. Дубаўцом і С. Сокалавым-Воюшам, 4 нумары), “Бурачок” (1986–1987, з А. Бяляцкім, С. Дубаўцом, В. Івашкевічам, 3 нумары). Аўтар нарысаў пра нацыянальную сімволіку, у тым ліку кнігі для дзяцей “Пра герб і сьцяг” (Мінск, 1993) і артыкулаў у зборніках. Як лінгвіст вывучаў мову выданняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, гісторыю і тэорыю правапісу, творчасць лінгвістаў, імёны якіх былі пад забаронай у БССР. Публікаваўся ў штогадовіку “Беларуская лінгвістыка”, у энцыклапэдыі “Беларуская мова” (1994). Ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага класічнага правапісу, аўтар зводаў “Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі” (1995), “Беларускі клясычны правапіс” (разам з Ю. Бушляковым, З.Саньком і З. Саўкам 2005). Уклаў (разам з П.Садоўскім) першыя праграмы і чытанкі для беларускамоўных дзіцячых садкоў. Аўтар кніг “Па-беларуску Зь Вінцуком Вячоркам” (Радыё Свабода, 2016), “Не смяшыце мае прыназоўнікі” (Радыё Свабода, 2017). Перакладае з літоўскай. Выдаў “Кароткую граматыку літоўскай мовы” (Мінск, 2010), удзельнічаў у выданні па-беларуску выбраных вершаў Т. Вянцлавы (Мінск, 2019).