Гарун Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч, псеўд. І. Жывіца, А. Новадворскі, Сальвэсь, А. Сумны; 11.3.1887, фальв. Новы Двор, цяпер у межах Мінска — 20.7.1920, Кракаў, Польшча). Паэт, празаік.
Нарадзіўся у сям’і чорнарабочага. Закончыў гарадскую прыходскую навучальню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесніцкай вучэльні. З 1902 г. працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску. У 1904 г. уступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 г. арыштаваны і высланы на пасяленне ў Сібір, дзе займаўся сталярнай і цяслярнай працай. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні. У 1914 г. працаваў на Лене вадалівам, з 1915 г. — на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савета Ленінскай золатапрамысловай акругі. У Менск вярнуўся ў верасні 1917 г., у 1918 г., у час нямецкай акупацыі, рэдагаваў газету “Беларускі шлях”. Падчас польскай акупацыі быў сябрам Беларускай ваеннай камісіі, Часовага беларускага нацыянальнага камітэта (з 12 жніўня да 17 кастрычніка 1919 г. старшыня). У 1920 г. цяжка хворы на сухоты выехаў у Кракаў.
Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве, Польшча. У гонар Алеся Гаруна названая вуліца ў Мінску.
У друку дэбютаваў вершам “Маці-Беларусі” ў 1907 г. у газеце “Наша Ніва”. Вершы, апавяданні публікаваліся ў газетах “Наша Ніва”, “Беларус”, “Вольная Беларусь”, у калектыўных зборніках і календарах. Аўтар зборніка паэзіі “Матчын дар” (Вільня, 1918), паэмы “Мае Каляды” (Вільня, 1920), зборніка п’ес для дзяцей “Жывыя казкі” (Вільня, 1920). Выступаў у друку і як публіцыст. Выдадзеныя зборнікі выбраных твораў “Матчын дар” (Нью-Ёрк—Мюнхен, 1962), “Сэрцам пачуты звон” (Мінск, 1990), “Выбраныя творы” (Мінск, 2003), “І я з народам” (Мінск, 2007).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55: Збор дакументаў дзеячаў літаратуры), аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).