Гутараў Іван Васілевіч (15.4.1906, в. Ваўкаўцы, цяпер Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 8.2.1967, Мінск). Літаратуразнаўца. Сябра СП з 1946 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Выхаванец Леменскай школы-камуны на Магілёўшчыне. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928). Выкладаў рускую літаратуру ў Магілёўскім палітыка-асветніцкім і педагагічным інстытутах, у БДУ. У 1938—1939 гг. навучаўся ў аспірантуры Маскоўскага інстытута філасофіі и літаратуры, у 1939 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю “Паэтычнае майстэрства Уладзіміра Маякоўскага”. У 1939—1941 гг. займаў пасаду вучонага сакратара Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Чырвонай Арміі, браў удзел у партызанскім руху. У 1941—1943 гг. быў камісарам партызанскага атрада імя Шчорса, які дзейнічаў на Браншчыне. У 1945—1947 гг. сакратар партыйнага бюро Саюза пісьменнікаў СССР. У 1947 г. закончыў дактарантуру пры Інстытуце сусветнай літаратуры. Працаваў у ЦК КПБ загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва Упраўлення прапаганды і агітацыі, а пасля рэарганізацыі намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. У 1946—1954 гг. дацэнт, а потым прафесар Маскоўскага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава i адначасова ў 1947—1957 гг. загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. I. Леніна. У 1957—1967 гг. загадчык сектара фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі. Член-карэспандэнт Акадэміі Навук БССР (1953), доктар філалагічных навук (1949), прафесар (1949). Сябра СП СССР з 1946 г.
Пахаваны паводле запавету на тэрыторыі былой Леменскай школы, Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласці.
У друку выступаў з 1930 г. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Аўтар даследаванняў “К.Маркс і Ф.Энгельс пра сутнасць і спецыфіку мастацкай літаратуры” (Магілёў, 1933), “Борьба и творчество народных мстителей” (Минск, 1949), “Поэтическое мастерство В. В. Маяковского” (Москва, 1950), “Эстетические основы советской литературы” (Минск, 1950), “Введение в литературоведение” (Минск, 1954), “Философско-эстетические взгляды А. С. Пушкина” (Минск, 1957), “Основы советского литературоведения” (Минск, 1967), метадычнага дапаможніка 2Вопросы литературоведения” (Минск, 1958), адзін з аўтараў кнігі “Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць” (Мінск, 1967), складальнік хрэстаматыі “Вусна-паэтычная творчасць беларускага народа” (сумесна з С. І. Васіленкам; Мінск, 1959), зборнікаў “Беларускі эпас” (сумесна з П. Ф. Глебкам; Мінск, 1959), “Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны” (Мінск, 1961), “Сучасны беларускі фальклор” (Мінск, 1963), “У.І.Ленін у беларускай народнай творчасці” (Мінск, 1967).