Гутковіч Аляксандр Залманавіч (20.12.1920, в. Аскеркі, Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл. — 9.9.1989, Мінск). Драматург. Сябра СП з 1961 г.
Закончыў Вярхоўскую сямігадовую школу Бешанковіцкага раёна (1935), потым год вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме ў Мінску, пасля здачы экстэрнам экзаменаў за 8 і 9 класы — у Бешанковіцкай сярэдняй школе. Пазней стаў студэнтам Ленінградскага інстытута інжынераў прамысловага будаўніцтва. Правучыўшыся год, пачаў займацца ў студыі Вялікага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Ленінградзе (1938—1939). Адначасова працаваў артыстам дапаможнага складу тэатра. У 1939 г. працягваў вучобу на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута. У канцы таго ж года прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў шэраговым стралковага палка, культмасавым работнікам у палітаддзеле спецвойск Ленінградскага гарнізона. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў начальнікам клуба ваеннага завода ў Ніжнім Тагіле, потым ваеннага шпіталя ў Бійску. У 1942 г. мабілізаваны на фронт. Ваяваў на Прыбалтыйскім фронце. Пасля вайны паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Падчас вучобы з’яўляўся штатным, потым пазаштатным рэпарцёрам БелТА па Мінску, а ў 1948—1950 гг. пазаштатным карэспандэнтам газеты “Звязда”. Пасля заканчэння інстытута ў 1957 г. працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску. З 1957 г. загадчык педагагічнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1959 г. рэжысёр на Рэспубліканскай студыі Беларускага тэлебачання. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1966) за экранізацыю рамана І. П. Мележа “Людзі на балоце”. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1981). Сябра СП СССР з 1961 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Літаратурнай працай займаўся з 1947 г. Аўтар п’ес “Юныя мсціўцы” (разам з У. Хазанскім; Мінск, 1960), “Дело её жизни” (разам з Ф. Казоўскай; Москва, 1962), “Правда и счастье” (разам з Ф. Казоўскай; Москва, 1963), “И завтра” (разам з Ф. Казоўскай; Москва, 1967).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 325).