Гусоўскі Мікола (1470, в. Уса (Усава)? — пасля 1533). Паэт, асветнік.
Паводле адной з версій, нарадзіўся верагодна ў вёсцы Уса (Усава) у цэнтральнай Беларусі, дакладнае месцазнаходжанне якой дагэтуль не высветленае. Паходзіў з сям’і паляўнічага. Пачатковую адукацыю атрымаў у кафедральнай або царкоўна-прыходскай школе. Працягваў навучанне ва ўніверсітэтах Балонні, Вільні, Кракава. У 1518 г. у складзе дыпламатычнай місіі (1518—1522) біскупа плоцкага Эразма Цёлка (Вітэлія), у якога служыў сакратаром, трапіў спачатку ў Аўгсбург (рэзідэнцыя імператара Свяшчэнай Рымскай імперыі Максіміліяна I), а затым у Рым да двара папы Льва X. Там стварыў у 1521 г. свой найлепшы твор “Carmen de statura feritate ac venatione bisontis” (“Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”), дзе выклаў шматгранную ідэйна-эстэтычную, педагагічна-асветніцкую праграму. Аднак не паспеў надрукаваць свой твор у Італіі, бо ў 1522 г. ягоны патрон Эразм Цёлак раптоўна памёр. Паэтычны зборнік “Carmen de statura feritate ac venatione bisontis” надрукаваў у 1523 г. у Кракаве ў друкарні Ераніма Віетэра.
Дата смерці і месца пахавання невядомыя.
Пісаў на класічнай лаціне. Аўтар паэм “Песня пра зубра” (“Carmen de statura feritate ac venatione bisontis”; Кракаў, 1523), “Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпені месяцы” (Кракаў, 1524), “Жыццё і подзвігі Св. Гіяцынта”, (Кракаў, 1525). На беларускую мову “Песня пра зубра” перакладалі Язэп Семяжон, Уладзімір Шатон і Наталля Арсеннева. Апроч беларускай, “Песня пра зубра” перакладалася на польскую, літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы.