Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер Хведаравіч, 4.11.1887 м. Капыль, , цяпер Мінская вобл. — 11.4.1937, Магілёў). Паэт, празаік, крытык, дзяржаўны дзеяч. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1905 г. закончыў двухкласную школу ў Капылі. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне. Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907 гг., з 1906 г. сябра Капыльскай арганізацыі РСДРП. Ствараў рукапісныя часопісы. У траўні 1913 г. пачаў працу на заводзе “Вулкан” у Санкт-Пецярбургу. У 1914 г. пераходзіць на завод “Айваз”. Быў удзельнікам культурна-выдавецкай суполкі “Знанне”. З лютага па снежань 1918 г. сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты “Дзянніца”. З кастрычніка 1918 г. прыняты ў РКП(б). Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 г. па 3 лютага 1919 г. старшыня Часовага ўрада Беларусі. У 1919—1920 гг. сакратар газеты “Красная звезда” (Харкаў), палітработнік на Паўднёвым фронце Чырвонай Арміі. Потым літаратурны супрацоўнік у штабе Заходняга фронту (у Смаленску). Працаваў рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь”, часопіса “Полымя”, дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР і Дзяржаўнага архіва БССР, загадчыкам Галоўмастацтва і намеснікам народнага камісара асветы БССР. Быў сябрам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры), а ў 1928 г. абраны акадэмікам АН БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Сябра ЦВК БССР у 1920—1931 г. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г. Арыштаваны 15 лістапада 1936 г. Знаходзячыся ў турме, быў абвешчаны псіхічна хворым. Памёр у псіхіятрычнай бальніцы ў Магілёве.
Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 усталяваны помнік. У 2000 г. у Капылі перад Капыльскім раённым краязнаўчым музеем Цішку Гартнаму ўсталяваны помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі.
Дэбютаваў у друку ў 1908 г. вершам “Бяздольны” ў газеце “Наша Ніва”. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, крытык. Аўтар кніг вершаў “Песьні” (Пецярбург, 1913), “Песьні працы і змаганьня” (Берлін, 1922), “Урачыстасьць” (Менск, 1925), кніг апавяданняў “Трэскі на хвалях” (Менск, 1924; па-ўкраінску: Харків, 1930), “Прысады” (апавяданні і п’есы, Менск, 1927), “Гаспадар” (Менск, 1930), “Гоман зарніц” (Менск, 1932), “Наступ на горны” (Менск, 1932), зборніка аповесцей “На новым месцы” (Менск, 1930), аповесці “Зялёны шум” (Менск, 1931), раманаў “Сокі цаліны” (Менск, 1922—1930) і “Перагуды” (“Полымя рэвалюцыі”, 1935), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў “Узгоркі і нізіны” (Менск, 1928), крытыка-біяграфічнага нарыса “Янка Купала — пясняр вызвалення” (“Янка Купала ў літаратурнай крытыцы”, Менск, 1928). Аўтар драм “Хвалі жыцця” (1918), “Сацыялістка” (1924), “Дзве сілы” (1927). Выдадзеныя Збор твораў у 4 тамах (Менск, 1929—1932; 3 тамы Збору перавыдадзеныя: Мінск, 1987—1989), зборнікі “Выбраныя апавяданні” (Менск, 1926; Мінск, 1962), “Насустрач сонцу” (Мінск, 1978), “Вершы” (Мінск, 1967), “Выбраныя творы” (Мінск, 2012). Пераклаў на беларускую мову раман А.Фадзеева “Апошні з удэгэ” (Мінск, 1932).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 15), Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва, Цэнтральным навуковым архіве Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.