Ганчарык Міхась Мікалаевіч (псеўд.: Ландыш; М.Ландыш; Лясун; М. Г. Лясун; Я.Сявец; Якім Сявец; 24.11.1899, в. Кляннік, цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл. — 11.4.1986, Мінск). Пісьменнік, маладняковец, пазней вучоны-біёлаг, член-карэспандэнт НАН Беларусі.
У 1914 г. закончыў Ігуменскае пачатковае вучылішча. У 1917—1924 гг. вучыўся ў Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце. У 1925—1928 гг. кіраўнік Аршанскай філіі “Маладняка”. У 1925—1929 гг. працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (БСГА). З 1929 г. — у Інстытуце біялогіі БелАН, з 1931 г. намеснік дырэктара, выконваючы абавязкі дырэктара. Арыштаваны 14 верасня 1933 г. па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”. Паводле пастановы АДПУ СССР ад 9 студзеня 1934 г. прысуджаны да 10 гадоў лагераў; накіраваны на будоўлю Байкала-Амурскай магістралі. Пасля вызвалення з 1947 г. старшы навуковы супрацоўнік Арлоўскай доследнай станцыі. Арыштаваны 15 лютага 1949 г. УДБ па Арлоўскай вобласці. Пастановай асобай нарады ад 18 мая 1949 г. высланы на пасяленне ў Краснаярскі край. У 1949—1956 гг. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, дырэктарам Ігарскай доследнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы. Знаходзячыся ў высылцы, распрацаваў асновы палярнага земляробства. Вызвалены ў ліпені 1954 г. Рэабілітаваны 18 красавіка 1956 г. З 1956 г. у БСГА, з 1958 г. старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута біялогіі АН БССР, у 1961—1986 гг. загадчык аддзела фотасінтэзу, дырэктар (1967—72), загадчык лабараторыі Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР (з 1972). Доктар біялагічных навук (1960), прафесар; з 1969 г. член-карэспандэнт АН БССР; з 1972 г. заслужаны дзеяч навукі БССР.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Першыя вершы апублікаваны ў 1914 г. у газеце “Наша Ніва”. Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі. Друкаваўся ў газетах “Вольная Беларусь”, “Беларусь”, часопісах “Аршанскі маладняк”, “Рунь”, “Зоркі”. Аўтар кнігі пра прэзідэнта АН БССР В. Купрэвіча “Рэвалюцыянер, арганізатар, вучоны” (Мінск, 1981). Аўтар кніг “Влияние экологических условий на физиологию культурных растений” (Мінск, 1962), “Физиологическое влияние ионов хлора на растения” (Мінск, 1968), “Фізіялогія і біяхімія бульбы” (Мінск, 1979 (разам з А. С. Вечарам)), “Физиология картофеля” (Масква, 1979 (у суаўтарстве), шматлікіх навуковых прац па фізіялогіі і біялогіі раслін.