Дзяркач Анатоль (сапр. Зіміёнка Анатоль Рыгоравіч, 18.4.1887, мяст. Турэц, цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 5.9.1937, Мінск). Паэт, сатырык, перакладчык. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і фельчара. Закончыў народнае вучылішча ў Навагрудку (1904). Служыў пісарам у земскай і гарадской управах у Мінску. Сябра партыі эсэраў. У 1908 г. арыштаваны, адпраўлены ў высылку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. служыў у менскіх адміністрацыйных органах Часовага ўрада. Працаваў у газетах “Беларуская вёска”, “Піянер Беларусі”, часопісе “Полымя”, з 1924 г. рэдактар сатырычнага часопіса “Дубінка” (дадатак да газеты “Звязда”). Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 г. Арыштаваны ў 1936 г. Расстраляны органамі НКУС у Мінску.
Месца пахавання невядомае.
Першыя вершы надрукаваў у 1904 г. на рускай мове. Аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных вершаў “Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў” (Менск, 1925), “Бог удвох” (Менск, 1930), “Качаргой па абразох” (Менск, 1930), “Усім патроху…” (Менск, 1930), паэмы “Міколава гаспадарка” (Менск, 1927), зборнікаў для дзяцей “Нашы прыяцелі” (Менск, 1928), “Першы дзень у дзіцячым садзе” (Менск, 1928), “Працавітая дзяўчына” (Менск, 1928), “Звяры нашых лясоў” (Менск, 1929), працы “Интервенция и оккупация в Белоруссии” (Москва, 1932). Пераклаў на беларускую мову зборнікі вершаў У.Маякоўскага “Кім быць?” (1932), Дз.Беднага “Пра папоў” (1931), К.Чукоўскага “Мыйдадзір” (1928 і 1935), С.Маршака “Пошта” (1937), А.Барто “Брацікі” (1935), раманы А.Дарагойчанкі “Вялікая Каменка” (1932), Л.Корыса “Кіруй, Брытанія” (1932), аповесці А.Чумачэнкі “Клуб даследнікаў” (1932), Д’Эрвільі “Прыгоды дагістарычнага хлопчыка” (1937), працу А.Ферсмана “Наш апатыт” (1931), паасобныя творы А.Пушкіна, С.Міхалкова, М.Асеева, П.Тычыны, Н.Забілы, П.Усэнкі і інш.