Дзедзіч Стах

Стах Дзедзіч (сапр. Ігар Аляксандравіч Міклашэвіч) нарадзіўся 2 ліпеня 1963 года ў Менску. Вучыўся ў школе №76. Скончыў фізічны факультэт БДУ, доктар фізіка-матыматычных навук, прафесар.

Працаваў у Беларускім рэспубліканскім НВА парашковай металургіі (1985—1990, навуковы работнік), ТАА «Namika» (Мінск; 1994—1998, дырэктар), Інстытуце матэматыкі і кібернетыкі (Мінск; 1999—2002, загадчык лабараторыі этнічных і сацыяльных даследаванняў), Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (1990—1995 і з 2002,  прафесар кафедры «Тэарэтычная механіка», у 2003—2013 — загадчык НДЛ дынамікі сістэм і механікі матэрыялаў), па сумяшчальніцтве ў Камандна-інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь (2005—2011) і Беларускім дзяржаўным універсітэце (з 2006). Браў удзел у шматлікіх міжнародных навуковых праектах і канферэнцыях.

Удзельнік маладзёвага творчага згуртавання “Майстроўня” ў 1981—1984 гадах.

Аўтар кніг “Прароцтва” (аповесць, апавяданні, 1992 год), “Эпілог” (спроба ўбачыць наш шлях) (1997 год).  Друкаваўся ў часопісе “Маладосць” — апавяданні “Чужы”, “Эпітафія на дзень нараджэння” (1989 год); містэрыя “Світанак над вежамі” (1997 год); у 1998 годзе з публіцыстыкай “Чаму крача воран”. У часопісе Беларусь ў 1994  выйшла апавяданне “Кантрольны вузел”.

Пра ўласныя творы Стах Дзедзіч выказваўся па-свойму: “Напэўна, у наш час чытаючы кнігу, ты мусіш задумацца: ці то гэта жахлівы сон, які перайшоў у жыццё, ці гэта сапраўды жыццё, вельмі падобнае да сну свёй алагічнасцю і невытлумачальнасцю”.

Захапляўся горным турызмам  — у 2012 годзе ў складзе групы беларускіх альпіністаў здзейсніў узыходжанне на самую высокую кропку Паўднёвай  Амерыкі гару Аканкагуа (6962 м).

Загінуў 3 ліпеня 2013 году, пахаваны на могілках ля вёскі Чучаны Мінскага раёна Мінскай вобласці.