Дрэйзін Юльян Мікалаевіч (22.6.1879, Екацярынаслаў, цяпер Дніпро, Украіна — 28.3.1942, Нямчынаўка, Маскоўская вобл., Расія). Літаратуразнаўца, перакладчык, публіцыст.
Нарадзіўся ў сям’і лекара. Першую адукацыі атрымаў у Віленскай духоўнай гімназіі, потым закончыў медыцынскі факультэт Юр’еўскага ўніверсітэта. Закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1908). Браў прыватныя ўвокі ў прафесараў Маскоўскай кансерваторыі. Выкладаў грэцкую і лацінскую мовы, а таксама тэарэтычныя курсы ў навучальных установах Магілёва. У 1919 г. заснаваў тут першы грамадскі сімфанічны аркестр у БССР, які складаўся з дваццаці чалавек, дзе сам выконваў партыю першай скрыпкі. У 1925—1935 гг. у Менску, выкладаў гісторыю і тэорыю музыкі ў Беларускім педагагічным, Беларускім музычным тэхнікумах і Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Працаваў у Інбелкульце, Беларускай Акадэміі навук, Беларускім радыёкамітэце. У другой палове 1920-х гг. быў сябрам Беларускага таварыства драматычных пісьменнікаў і кампазітараў. З верасня 1926 гг. адзін з самых актыўных супрацоўнікаў таварыства. У 1929 г. накіраваны на Першую Усерасійскую музычную канферэнцыю ў Ленінград. У 1930 г. на сродкі таварыства выдадзены яго пераклады. З пачаткам 1930-х зведаў цкаванне ў друку, быў выключаны з Беларускага таварыства драматычных пісьменнікаў і кампазітараў і з секцыі савецкіх кампазітараў БССР. Напісаў “пакаяльны” ліст і з сям’ёй у 1935 г. з’ехаў ў пасёлак Нямчынаўка пад Масквой. Пазней выкладаў грэчаскую мову ў маскоўскіх вышэйшых навучальных установах. У 1938—1942 гг. выкладчык, затым дацэнт філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта і педагагічнага інстытута.
Пахаваны ў Нямчынаўцы, Маскоўская вобласць, РФ.
Пераклаў на беларускую мову ўрыўкі “Іліяды” Гамера, “Антыгону” Сафокла (Менск, 1926), “Вакханак” Еўрыпіда і інлыя творы антычнай літаратуры, большасць якіх пры жыцці перакладчыка апублікаваныя не былі, а тэксты згубіліся. Вядома больш за 820 яго перакладаў, звязаных з музыкай. Аўтар лібрэта оперы “Тарас на Парнасе”. Склаў апублікаваны ў серыі “Беларуская навуковая тэрміналогія” слоўнік “Музычныя тэрміны”. Аўтар працы “Музыка і рэвалюцыя” (Менск, 1926; 2011).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 401).