Драздовіч Язэп Нарцызавіч (псеўд. Я. Нарцызаў, 13.10.1888, засценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.9.1954, в. Падсвілле, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.). Мастак, празаік, паэт, фалькларыст.
Нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Закончыў Дзісенскую гімназію, у 1906 г. пераехаў у Вільню, дзе закончыў мастацкую школу Івана Трутнева (1908). Падрабляў у мастацкіх майстэрнях. У 1910 г. прызваны на службу ў расійскае войска, служыў у Саратаве, закончыў курсы фельчараў, працаваў у амбулаторыі. Першую сусветную вайну сустрэў у дзеючай арміі, пры запасным батальёне на Заходнім фронце. У 1917 г. вярнуўся ў Беларусь, жыў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля вёскі Германавічы. У 1919 г. пераехаў у Менск. Працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР, мастак-дэкаратар у “Беларускай хатцы”, Беларускім дзяржаўным тэатры; у 1919 г. арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства “Заранка”, якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. У 1921 г. вярнуўся на Дзісеншчыну. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Cупрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча: займаўся археалагічнымі даследваннямі, раскопкамі гарадзішчаў у Заходняй Беларусі, ствараў замалёўкі. У 1924—1926 гг. выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з Таварыствам беларускай школы. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны. У 1926—1927 гг. супрацоўнічаў з сатырычным часопісам “Маланка”. У 1927 г. заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. У 1927—1929 гг. выкладаў маляванне ў Наваградскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з Інстытутам беларускай культуры ў Менску. На пачатку 1930-х гг. працаваў мастаком-афарміцелем на Беласточчыне. У 1940—1941 гг. працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках. У часе нямецкай акупацыі і пасля вайны працягнуў сваю мастацкую дзейнасць. Працаваў у галіне кніжнай графікі, партрэта, пейзажа, скульптуры, упершыню ў беларускім мастацтве пачаў ствараць карціны на касмічныя тэмы, маляваў насценныя дываны.
Пахаваны на могілках паміж в. Ліпляны і в. Малыя Давыдкі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1982 г. на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам. У Траецкім прадмесці Мінска Язэпу Драздовічу ўсталяваны помнік, у Глыбокім — бюст, на месцы хутара Пунькі — памятны знак у гонар мастака. Імем Язэпа Драздовіча названыя вуліцы ў Мінску, Оршы, Маладзечне, Глыбокім, Шаркаўшчыне, Радашковічах, Навагрудку,
Аўтар кнігі “Пабрацімцы і вялікая шышка” (1-я частка аповесці “Вар’ят без вар’яцтва”; Вільня, 1923), навукова-папулярнай кніжкі па астраноміі “Нябесныя бегі” (Вільня, 1931), неапублікаваных паэмы “Трызна мінуўшчыны” (1936), гістарычнай аповесці “Гарадольская пушча”, апавядання “Сон Гараноса”, прац па археалогіі “Дзісенская дагістарычная старына”, “Дзе знаходзяцца Дудуткі і Гародня”. Склаў зборнік “Песні Дзісеншчыны”. Дзённікі Язэпа Драздовіча, якія ён вёў у 1930—1950-я гады, былі надрукаваныя ў 1991 г. ў часопісе “Маладосць”. У 2014 г. у Мінску пабачыў свет зборнік успамінаў, артыкулаў, мастацкіх твораў “Язэп Нарцызавіч Драздовіч. Праз церні да зорак”, укладзены М. Казлоўскім.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі (фонд 2), аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).