З’явіўся пераклад дзіцячай святочнай гісторыі пра сяброўства

У выдавецтве “Папуры” выйшла кніга “Шчасцік” польскай дзіцячай пісьменніцы Марты Дэмбоўскай. Цёплую, кранальную і вясёлую святочную гісторыю пра сяброўства і адвагу пераклала на беларускую мову Наталля Давыдоўская.

Анатацыя:

“Лапікавы хлопчык з кветкавай крамы “Фларыян і Ружа” марыць, каб з ім, як і з іншымі цацкамі, гулялі дзеці. Ды дзеці бываюць тут рэдка, пані Ружы больш няма, а пан Фларыян увесь час сумуе, і нават набліжэнне Калядаў не паляпшае яму настрой.

Як толькі з’яўляецца магчымасць, лялечны хлопчык уцякае з крамы. Ён хутка пераконваецца, што свет не заўсёды прыязны, аднак сустракае на сваім шляху зычлівых жывёлак: мыш Пармі, голуба Каўку і сабаку Густа. Дзякуючы ім хлопчык набіраецца адвагі і веры ў сябе і нарэшце здзяйсняе сваю мару — пасяляецца ў доме пані Марысі, дзе трапляе ў рукі дзецям. Але ён не забываецца на сваіх сяброў і на пана Фларыяна і робіць усё, каб яны таксама сталі шчаслівымі”.

Кнігу можна купіць у менскіх кнігарнях, сярод іншага ў “Кніжнай Шафе”, а таксама замовіць праз сайт Kniger.by.