Фонд “Камунікат” анансаваў выхад навінкі ад пісьменніка Барыса Пятровіча з назвай “Цнота на потым”. У кнігу ўвайшло дзве аповесці і эсэ.
У першай аповесці “наіўны дэтэктыў” расследуе таямнічую смерць бабулі-суседкі ў Менску, у другой – журналіст-спецкар распавядае пра свае прыгоды падчас камандзіровак па Беларусі; эсэ прысвечана падзеям першага постчарнобыльскага месяца на гомельскім Палессі.
Чытачоў чакаезахапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менску ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі, цікавымі асобамі, якія сталі героямі твораў. Згодна з анонсам выдавецтва, лёгкая, чытэльная проза мае прыйсціся даспадобы розным пакаленням аматараў літаратуры.
Кніга чакаецца ў продажы ў другой палове красавіка.

Барыс Пятровіч (Сачанка) – яскравы прадстаўнік экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры. У творчасці спалучае адданасць класічным літаратурным традыцыям з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі і пошукам новых формаў і магчымасцяў.
Аўтар кніг: “Ловы”, “Сон між пачвар”, “Фрэскі”, “Шчасце быць”, “Жыць не страшна”, “Піліпікі”, “Плошча”, “Спакушэнне”, “Спачатку была цемра”, “Ідзі адзін” і інш.
Творы перакладаліся на ангельскую, французскую, нямецкую, шведскую, украінскую, польскую, рускую, чэшскую, балгарскую, літоўскую і іншыя мовы. Сярод найбольш удалых перакладаў кнігі “Фрэскі” (“Fresker”), “Плошча” (“Torget”) і “Беларусь: Фрэскі” (“Belarus: Fresker”) пераствораныя па-шведску Дзмітрыем Плаксам.