Розныя ініцыятывы, што займаюцца аўдыякнігамі, прадставілі навінкі на розны густ: школьная класіка, вяртанне забытых імёнаў і сучасная літаратура для дзяцей.
Ініцыятыва “Непаслухмяныя Дзеці Кастрычніка”, якая агчвае “літаратуру турбулентных часоў”, выклала ў вольны доступ другую частку з пятнаццаццю агучанымі вершамі Алеся Дудара. На што спадзяваўся Алесь Дудар у другой палове 20-х гадоў? Што адбывалася з ягоным словам? Тут — прысвячэнне будучай жонцы, рэфлексія на час, невымоўна трапныя метафары, пошук выйсця. І, зрэшты, прыметная аўтарская шчырасць.
На “Кніжным возе” выйшла аўдыякніжка Алены Масла “Пацучок Фэлікс падарожнічае”.
Аднойчы аўтарка казкі пра Фэлікса пачула гісторыю пра пацучка, якога выявілі пад капотам сваёй машыны ейныя сваякі. Жывёлінка не толькі здолела пашкодзіць аўто, але і гаспадара машыны за палец грызануць. Аказалася, што падобныя здарэнні нярэдкія, асабліва ўзімку. І тут падумалася спадарыні Алене пра пацучка: гэта ж трэба, толькі цёплае месцейка адшукаў, жытло зладзіў, як з’явілася нейкая пачвара і выганяе яго! Стала нават неяк крыўдна за яго.
Так нарадзілася цэлая гісторыя, якую можна слухаць на “Кніжным Возе”.

Праект “Беларуская літаратура”, які займаецца агучваннем перадусім твораў, якія ўваходзяць у школьную праграму па вывучэнні белліту, прэзентаваў сваё прачытанне паэмы Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”. Над старонкамі гэтай паэмы можна і пасмяяцца, і задумацца, і нават калі-нікалі расчуліцца да слёз, хаця няма ў ёй ані трагедыі, ані камедыі. Здавалася б, звычайная жыццёвая падзея: сваякі сустракаюцца ў бацькоўскай хаце. І пачынаецца. Водгулле старых спрэчак, з’яўленне былых сяброў, нараджэнне новага кахання, адным словам, жыццё, якое адбываецца навокал кожны дзень з кожным з нас.