Новая ініцыятыва агучвае “літаратуру турбулентных часоў”

Стартаваў новы праект “Непаслухмяныя Дзеці Кастрычніка”, які займаецца запісам беларускіх аўдыякніг. 10 лютага на YouTube-канале ініцыятывы выйшла агучанае апавяданне Міхася Зарэцкага “Мар’я”.

“Мы ведаем, што вы чакалі нас ўсё жыццё, і распачынаем праект, што мае на мэце пазнаёміць вас з літаратурай турбулентных часоў. Не, гэта не пра сёння. А з іншага боку — пра сёння і ёсць. Як мы цяпер успрымаем каханне, гора, радасць, нараджэнне, смерць? Дакладна не так, як бы мы спакойна жылі. Нам цяперашнім — расчараваным, зацятым, упартым — ёсць пра што пагутарыць з тымі, хто жыў, як мы. Такая літаратура раскажа пра спадзяванні, расчараванні і адчуванне часу тых, каго мы заўчасна страцілі. Ды й пра нас яна раскажа лепш, чым любы падручнік, лекцыя ці стрым”, — такі зварот да слухачоў адкрывае фэйсбуку ініцыятывы

Аўтары праекту мяркуюць, што ў “Мар’і” слухачы знойдуць спагаду, каханне, радасць, боль, ды й шмат чаго іншага. Гэта — мастацкае даследванне фрэйдаўскіх тэзісаў, якімі захапляўся аўтар. А яшчэ там — прыгожае, здольнае крануць сэрца, беларускае слова.