У Лідзе выбралі, якім будзе помнік беларускаму паэту і дзеячу камуністычнага руху ў Заходняй Беларусі Валянціну Таўлаю. У конкурсе эскізаў, вынікі якога былі падведзены ў доме, дзе жыў паэт, перамог праект Сяргея Логвіна, паведамляе канал “Спадчына”.
Сяргей Логвін выявіў Валянціна Таўлая з газетай “Уперад” у руках (цяпер гэта “Лідская газета”). Праект-пераможца будзе таксама разгледжаны на рэспубліканскай мастацкай экспертнай радзе па манументальным мастацтве.
Агулам у конкурсе ўдзельнічала восем эскізных праектаў.
Як раней пісаў Bellit.info, бронзавая скульптура мае з’явіцца на рагу вуліц Таўлая і Качана да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Лідзе ў 2025 годзе.
Фота: Лідскі райвыканкам