У Лідзе паставяць помнік Валянціну Таўлаю — адкрыты конкурс

У Лідзе плануюць усталяваць помнік беларускаму паэту Валянціну Таўлаю 7 верасня 2025 году ў Дзень беларускага пісьменства. З гэтай нагоды Лідскі раённы выканкам абвясціў адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка.

Помнік мае з’явіцца на скрыжаванні вуліц Таўлая і Качана, паведамляе “Лідская газета”.

Удзельнікамі конкурсу могуць быць фізічныя і юрыдычныя асобы, адна асоба або творчы калектыў (скульптары, архітэктары), якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю. Для ўдзелу ў конкурсе трэба да 10 студзеня 2025 году ўключна прадаставіць конкурсную заяўку. Конкурсныя матэрыялы маюць быць прадстаўленыя да 17 студзеня 2025 году не пазней за 17:00 па адрасе: Ліда, вул.Савецкая, 8, каб. 62 (аддзел культуры Лідскага райвыканкаму).

Конкурсныя матэрыялы павінны ўключаць: мадэль у мяккім матэрыяле ў маштабе не менш за 1:10, генплан з прывязкай да месца ўстаноўкі помніка ў маштабе 1:500, візуалізацыю архітэктурна-пластычнага рашэння помніка, кароткую тлумачальную запіску з абгрунтаваннем прапанаванага эскізнага праекту і ўказаннем папярэдняга кошту прац па вырабе помніка.

Поўная інфармацыя, кантакты і форма заяўкі на сайце Лідскага райвыканкаму.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаны не пазней за 10-га лютага 2025 году.

Валянцін Таўлай вядомы пад творчымі псеўданімамі Усяслаў Барвінец, Янка Бунтар, Васіль, Ілюк Прышчэпа (сумесна з Янкам Брылём), Паўлюк Сірата, В. Тарскі нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне.

Пачатковую адукацыю Валянцін Таўлай атрымаў у польскай школе ў Лідзе. Пад час яе ў 7 гадоў ён напісаў свой першы верш — «Верабейкі» («Wrobelki», на польскай мове ).

У 1927 – 1929 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У 25 гадоў вярнуўся назад у Ліду, дзе жыў у доме Кіры Брант, ягонай першай жонкі, працаваў у рэдакцыі газеты «Уперад». У гэты перыяд займаўся творчай працай, рыхтаваў да друку вершы для свайго зборніка «Шляхі і краты».

Пасля вайны Валянцін Таўлай перабраўся ў Менск, дзе ў 1945 – 1947 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам, намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. 18 верасня 1946 года ў складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў на чале з жонкай песняра Уладзіславай Луцэвіч прымаў удзел у адкрыцці гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Лідзе.

Памёр 27 красавіка 1947 года ад хваробы сэрца ва ўзросце 33 гадоў. Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках.

Ягоным імем названыя вуліцы ў Баранавічах, Горадні, Лідзе і Маладзечне. Бібліятэкі ў Баранавічах і Лідзе. У 2014 годзе да 100-годдзя паэта Белпоштай быў выпушчаны адмысловы канверт, а ў Лідзе адкрытыя дзве памятныя шыльды на будынку рэдакцыі «Лідскай газеты» («Уперад»), у якой ён працаваў, і на доме, у якім ён жыў у 1939 – 1941 гадах.

На загалоўным фота Валянцін Таўлай з жонкай Лідай