Папярэдні заказ на кнігу апавяданняў Чэстэртана

Выдавец Раман Цымбераў абвясціў папярэднюю падпіску на кнігу апавяданняў ”Ціхмянасць айца Браўна” ангельскага пісьменніка, паэта, філосафа і хрысціянскага дзеяча Гілберта Кіта Чэстэртана ў перакладзе на беларускую мову.

Пераклад з ангельскай здзейсніў пісьменнік і перакладчык Уладзімір Бруй, таксама ён напісаў прадмову да выдання.

“У зборнік увайшлі найбольш папулярныя апавяданні англійскага класіка Г.К. Чэстэртана, у якіх тэма спрадвечнага змагання паміж дабром і злом раскрываецца на прыкладзе шматгадовага супрацьстаяння паміж святаром Браўнам і сусветна вядомым злачынцам па прозвішчу Фламбо. Бліскучы талент аўтара, багацце мовы, невычэрпная выдумка ў пабудове дэтэктыўных сюжэтаў па-свойму вырашаюць спрадвечную задачу літаратуры: абвясціць чалавека найвялікшай каштоўнасцю Сусвету і веру ў Бога наймагутнейшай сілай дабра”, — гаворыцца ў анатацыі на сайце Kniger.by, праз які ўласна можна замовіць кнігу.

Аплата кнігі па АРIП або наяўнымі ў краме выдавецтва. Пры замове і аплаце да выхаду кошт кнігі складае 30 рублёў. Усе падрабязныя інструкцыі, як замовіць і аплаціць, шукайце на сайце.