Памерла пісьменніца Раіса Баравікова

Ноччу на 26 траўня 2026 году памерла пісьменніца і перакладчыца Раіса Баравікова. Пра гэта паведамілі ў сацсетках сваякі аўтаркі. Рэдакцыя Bellit.info шчыра дзякуе спадарыне Раісе за творчасць і выказвае спачуванні яе родным і блізкім.

Раіса Баравікова нарадзілася 11 траўня 1947 году ў вёсцы Пешкі (цяпер Бярозаўскі раён). Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве. Працавала ў рэдакцыях газет і часопісаў — ад “Літаратуры і мастацтва” да “Маладосці”, а таксама на кінастудыі «Беларусьфільм». Была галоўнай рэдактаркай вядомых літаратурных выданняў.

У 1996—2000 гадах намесніца, у 2000—2002 гадах галоўная рэдактарка часопіса “Алеся”. Галоўная рэдактарка часопіса “Маладосць” (2002—2011). Супрацоўніца газеты “Літаратура і мастацтва” (2011—2012).

У літаратуру прыйшла ў 1960 годзе. Аўтарка зборнікаў паэзіі “Рамонкавы бераг” (1974), “Слухаю сэрца” (1978), “Такое кароткае лета” (1981), “Адгукнуся голасам жалейкі” (1984), “Каханне” (1987), “Пад небам першага спаткання” (1990), “Люстэрка для самотнай” (1992).

Аўтарка п’ес “Барбара Радзівіл” (паст. 1994), “Пятля часу” (1996).

Выдала кніжку казак і апавяданняў для дзяцей “Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў” (1990), зборнік апавяданняў “Вячэра манекенаў” (2002), у суаўстарстве з Уладзімірам Ліпскім “Пра Бусю, які жыве на Беларусі” (2016), “Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку: казкі з міфалагічнага люстэрка” (2017). 

Узнагароджаная Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў БССР імя Аркадзя Куляшова (1988) за кнігу лірыкі “Каханне”, а таксама Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994) — за кнігу паэзіі “Люстэрка для самотнай”.

Перакладала з расейскай, украінскай і польскай моў.

Раісе Баравіковай было 79 гадоў.

ЧЫРВОНАЕ КАФЭ

Кафэ чырвонае, як барва,
на твары водбліск ад слязы.
Ты мне налі што-небудзь, бармэн,
як і ў мінулыя разы.

Я гэтым вечарам пярсцёнкі
зняла з рукі і без прыкрас
гляджу ў акно, і месяц тонкі
мне пасміхаецца ў адказ.

Зазначу для сябе, што схожы
ён з чалавекам тым адным,
што стаў цяпер толькі прахожым,
навошта ж думаю аб ім?

Вось і цяпер уся ў чаканні,
мо выпадкова ён сюды
са мною прыйдзе на спатканне,
згадае даўнія гады?

За хмаркай месяц тонкі гіне,
знаёмых крокаў не чутно,
і падае барвяны іней
са сцен у белае віно.

***
На Ясельдзе маёй зноў крыгаход,
У хвалях сініх плёскае вясна.
Сюды я завітала мімаходзь
I ўбачыла тут лодку без вясла…

Дзіравая, закінута людзьмі,
Ушчэнт пасохла ад праменняў сонца.
Ёй не заплакаць горкімі слязьмі.
A крыгі ўдалячынь плывуць бясконца.

I нешта абрываецца ў грудзях,
У хвалях шумных лодку тую бачу,
Як добра, што вось тут, не на людзях
Бяду той лодкі з горыччу аплачу!

Як добра тым, хто лодку абышоў…
Адна стаю у вербавых карчах.
Рака заціхла, крыгаход прайшоў,
А лодка праплывае ў вачах!