Па-беларуску выйшла кніга пра грошы для дзяцей

Выдавецтва “Папуры” паступова рэалізуе свае выдавецкія планы на 2024 год, пра якія Bellit.info расказваў раней. Сярод іншага нарэшце выйшла самая вядомая дзіцячая кніга пра грошы Бода Шэфера “Сабака Мані”.

Пераклад на беларускую мову зрабіў Ігар Крэбс, дызайн вокладкі — Святлана Міхалап.

Кніга апавядае, як аднойчы Кіра знаходзіць на вуліцы параненага сабаку і забірае яго да сябе. І хто б мог падумаць, што звычайны лабрадор акажацца сапраўдным фінансавым геніям? Сабака Мані і Кіра раскажуць маленькім чытачам, як:

  • правільна размяркоўваць грошы
  • зарабляць больш
  • пазбавіцца ад даўгоў
  • атрымліваць высокі даход ад укладаў
  • дасягнуць дабрабыту, нават калі цяпер з грашыма пакуль не ўсё добра

У кнігарні «Параграф 45» (Мінск, вул. Леаніда Бяды, 45) да 8 ліпеня можаце набыць кнігу са зніжкай 15% за 19,70 byn.