Беларускае выдавецтва анансавала 8 навінак

Выдавецтва “Папуры” падзялілася некаторымі планамі на 2024 год. Мае выйсці некалькі дзіцячых кніг, кнігі пра беларускую міфалогію і замежная класіка ў перакладах.

1. Пісьменніца Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік скончылі працу над новай кнігай пра Мешу з назвай“Як Меша знайшоў хвост”, у якой апавядаецца, як галоўны герой раптам зразумеў, што цяжка жыць без хваста, але не ведае, дзе той хвост узяць. Кніга ўжо адпраўленая ў друк, чакаецца ў канцы траўня.

2. Кніга “Мае цудоўныя гісторыі на добры сон”, якая складаецца з 20 пяшчотных гісторый з чароўнымі ілюстрацыямі. Аповеды ў перакладзе з французскай Кацярыны Маціеўскай пацешаць дзетак і напоўняць іх сны ўтульнасцю і спакоем.

3. Самую вядомую дзіцячую кнігу пра грошы Бода Шэфера з назвай “Сабака Мані” пераклаў на беларускую мову Ігар Крэбс. Кніга апавядае, як аднойчы Кіра знаходзіць на вуліцы параненага сабаку і забірае яго да сябе. І хто б мог падумаць, што звычайны лабрадор акажацца сапраўдным фінансавым геніям?

4 і 5. Дзве часткі легендарных дзённікаў дасведчанага нячысціказнаўцы “Беларускія нячысцікі. Лясныя” і “Беларускі нячысцікі. Водныя і балотныя”. Аўтар і ілюстратар Артур Басак пры ўдзеле Аліны Длатоўскай. Кнігі адправіліся ў друк і чакаюцца ў канцы траўня.

6. Эрых Марыя Рэмарк “Тры таварышы” ў перакладзе на беларускую мову Уладзіміра Папковіча. Раман апавядае пра глыбокі і кранальны аповед пра сяброўства, каханне і здольнасць выжываць ў суровых рэаліях міжваеннай Германіі. Кніга пакідае след у сэрцы кожнага чытача. Праца над выданнем яшчэ ідзе.

7. Вядзецца праца таксама яшчэ над адным класічным раманам Эрыха Марыі Рэмарка “На заходнім фронце без змен”. Пераклад на беларускую робіць Сяргей Матырка.

8. Таксама рыхтуецца да друку Сусветны бестселер пра грошы, які амаль сто гадоў займае верхнія радкі ў спісах найлепшых кніг па кіраванні фінансамі  “Самы багаты чалавек у Вавілоне” Джорджа Сэмюэла Клэйсана. Пераклад на беларускую Наталлі Зайцавай.