Новую серыю кніг для дзяцей распачалі казкай Бураўкіна

Выдавец Раман Цымбераў запачаткаваў новую серыю кніг для дзяцей — “Ветрачок”. Першай выйшла казка Генадзя Бураўкіна “Зай і яблынька”. Таксама ўжо даступныя кнігі для дзяцей ад Андрэя Федарэнкі і Андрэя Налівы.

Вершаваная казка вядомага паэта, аўтара слоў знакамітай “Калыханкі” (Доўгі дзень…) Генадзя Бураўкіна (1936—2014) вучыць маленькіх чытачоў асновам дабрыні і спагады. Ілюстрацыі Валерыі Вілкінай.

Таксама ў межах серыі выйшла гісторыя пра прыгоды Вожыка і ягоных сяброў ад Андрэя Налівы “Адважныя вандроўнікі”, якую праілюстравала Марына Рудчык. У гэтым чароўным свеце лясныя жывёлы сябруюць з чалавекам і маюць з ім агульныя забавы і клопаты — займальныя і вясёлыя.

Трэцяй у серыі стала “Падслуханая казка” Андрэя Федарэнкі з ілюстрацыямі Кацярыны Яфрэмавай.

Выданні серыі “Ветрачок” ужо можа набыць у “Акадэмічнай кнізе”, у краме ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай (ралеты 41-42, час працы з пн па пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, ндз з 11 да 16), а таксама праз сайт Kniger.by.