Жаночае выдавецтва “Пфляўмбаўм” плануе выхад новага зборніка вершаў вытанчанай беларускай паэткі Наталлі Кучмель. Выдавецтва анансавала кнігу ў дзень нараджэння паэткіі 4-га ліпеня.
Як адзначаюць выдаўчыні, знаўцы сучаснай беларускай паэзіі вельмі чакаюць новую кнігу гэтай аўтаркі і абяцаюць, што гэта мае быць “неверагодна прыгожы зборнік”.
Наталля Кучмель нарадзілася 4 ліпеня 1964 года ў Менску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала карэктарам, стыльрэдактарам, перакладчыкам у навуковых выдавецтвах і перыядычных выданнях. Друкавалася ў супольным паэтычным зборніку “Літаратурны квартал” (2003), часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” і іншых. У 2005 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла дэбютная кніга паэзіі “Імгненні”. Кнігу можна спампаваць на сайце інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”.
Загалоўнае фота Алены Казловай (2023)