Выдавецтва “Тэхналогія” падрыхтавала да друку невялікую навукова-папулярную кнігу “Як гавораць беларусы”, прысвечаную беларускай мове. Аўтар кандыдат філалагічных навук Вадзім Шклярык, які займаецца папулярызацыяй беларускай мовы, удзельнічаў у розных журналісцкіх праектах, у тым ліку ў дакументальным фільме — “Гаворкі Беларусі“.
У кнізе, як піша Onlíner, даступна расказваецца пра тое, чым беларуская мова адрозніваецца ад рускай і ўкраінскай, якая ў яе дыялектная аснова, што адметнага ёсць у гаворках Беларусі. Да прыкладу, у выданні вы знойдзеце адказы на пытанні, што такое ганавíцы і мя́тлушка, дзе ў нас гавораць мухá і куры́ца і якіх беларусаў раней называлі сакунамі.
У дадатак да паказальных прыкладаў амаль на кожнай старонцы кнігі змешчаны QR-коды са спасылкамі на адпаведныя карты з “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” і “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”. У якасці ілюстрацый выкарыстаны выявы архітэктурных славутасцяў Беларусі ад мастачкі Надзеі Леановіч.
Акрамя таго, зараз відэарэдакцыя Onlíner працуе над мантажом дакументальнага фільма, у якім будуць паказаны ўсе этапы працы над кнігай “Як гавораць беларусы” (ад узнікнення задумы да стварэння макета і непасрэднага выдання), з каментарыямі ўдзельнікаў працэсу. Пакуль жа прапануем паглядзець відэаанонс:
Выхад кнігі з друку запланаваны на другую палову красавіка 2024 года, але заказаць яе па выдавецкім кошце можна ўжо цяпер.