“Іліяда” Гамера ўпершыню выходзіць на беларускай мове

У выдавецтве “Энцыклапедыкс” выйшаў з друку першы том “Іліяды” Гамера, які ўключае 12 з 24 песень старажытнай гераічнай паэмы. Пераклад са старагрэцкай мовы здзейсніў філолаг і паліглот Лявон Баршчэўскі.

“Іліяда” — гэта міфалагічна-гераічны эпас, які быў створаны прыкладна ў сярэдзіне 8 ст. да н.э. і прыпісваецца паўлегендарнаму грэцкаму песняру Гамеру. Сюжэт паэмы будуецца на эпізодзе Траянскай вайны, якая, паводле сведчання большасці сучасных гісторыкаў, магла мець месца на мяжы 13 і 12 ст. да н.э.

Няштатны супрацоўнік выдавецтва Зміцер Колас запрашае ў краму па новыя кнігі — “Іліяда” Гамера і “Мастацтва філасофствавання” Бертрана Расэла (пра выхад гэтага эсэ Bellit.info паведамляў раней). Навінкі можна купіць ў Менску ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42. Час працы з пн-пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, нд з 11 да 16.

Гамер “Іліяда” — 45 руб.
Б. Расэл “Мастацтва філасофствавання” — 23 руб.

Кнігі таксама ўжо можна купіць у Акадэмкнізе ў Менску (пр. Незалежнасці, 72), а неўзабаве маюць з’явіцца на kniger.by з перасылкай па ўсім свеце.

Першы пераклад “Іліяды” Гамера здзейсніў мовазнаўца, культурны і палітычны дзяяч Браніслаў Тарашкевіч у 1920-30-х гадах, урыўкі з якога з’яўляліся ў перыёдыцы. На жаль, пераклад цалкам не захаваўся. Пераклад 2 песень з 24 друкаваўся ў томе “Выбранае” Браніслава Тарашкевіча, які выходзіў у 1991 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Азнаёміцца можна тут.