Эсэ нобелеўскага лаўрэата — у філасофскай серыі

Серыя “Галерэя чалавечай думкі” выдавецтва “Энцыклапедыкс”, у якой выходзяць філасофскія творы ў перакладзе на беларускую мову, папоўнілася новай кнігай — Бертран Расэл “Мастацтва філасофствавання”.

Выданне, акрамя ўласна эсэ, таксама змешчаны кароткі біяграфічны нарыс пра яго аўтара і кароткі англійска-беларускі тэрміналагічны гласар, паведамляе суполка “Акадэмічная кніга”.

Навінку ўжо можна купіць у менскай кнігарні “Акадэмкніга”.

Бертран Артур Уільям Расэл (1872 — 1970) — брытанскі філосаф, матэматык і грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт (1894), быў прафесарам шэрагу ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі і ЗША.

Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А. Уайтхэдам) фундаментальнай працы “Асновы матэматыкі”. Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму.

Аўтар прац “Філасофія лагічнага атамізму” (1918), “Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі” (1923), “Улада і асоба” (1949), “Цвярозы розум і ядзерная вайна” (1960) і інш. Суаўтар “Маніфеста Расэла—Эйнштэйна” (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век.

У 1950 атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры “…на знак прызнання разнастайных і значных твораў, у якіх ён адстойвае гуманістычныя ідэалы і свабоду думкі”.