Выйшаў двухтомнік Борхеса ў перакладзе Шупы

У выдавецтве “Янушкевіч” выйшаў зборнік апавяданняў Хорхе Луіса Борхеса ў двух тамах. Перакладчыкам з гішпанскай на беларускую выступіў знаны майстар сваёй справы Сяргей Шупа.

У беларускае выданне ўвайшлі чатыры найважнейшыя зборнікі класіка сусветнай літаратуры — “Вымыслы”, “Алеф”, “Паведамленне Броўдзі”, “Кніга з пяску”. Рэдактура Кацярыны Маціеўскай, дызайн Тацяны Шуставай.

Абодва тамы можна набыць ў кнігарні ў Варшаве, а таксама замовіць праз сайт Knihauka.com (Том І і Том 2).

“Але самым важным для нас з’яўляецца той факт, што кнігі выйшлі ў свет дзякуючы чытацкай падпісцы на Patreon і Zrzutka. Гэта сапраўдны прыклад унутранага фінансавання некамерцыйнага кніжнага праекта, без капейкі знешніх уліванняў. Нашы падпісчыкі падтрымлівалі не выданне канкрэтнай кнігі, а працу выдавецтва як такога. У выніку мы давялі справу з выданнем зборнікаў Борхеса да канца”, тлумачаць у выдавецтве і дзеляцца планамі на будучыню.

Так у 2026 годзе рыхтуюцца да выдання “Бляшаны барабан” Гюнтэра Граса, “451 градус па Фарэнгейце” Рэя Брэдберы. А таксама пакрысе пачынаецца падрыхтоўка “Чароўнай гары” Томаса Мана і “Партрэта Дарыяна Грэя” Оскара Уайлда.